Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРО́ПЛЯ,

невялікі аб’ём вадкасці, абмежаваны ў стане раўнавагі паверхняй вярчэння. Утвараецца пры павольным выцяканні вадкасці з невял. адтуліны, пры сцяканні яе з краю паверхні, пры распыленні і эмульгаванні вадкасці, а таксама пры кандэнсацыі пары на цвёрдай нязмочвальнай паверхні ці ў газавым асяроддзі на цэнтрах кандэнсацыі.

Форма К. вызначаецца ўздзеяннем паверхневага нацяжэння і знешніх сіл, напр., сілы цяжару; у стане бязважкасці К. мае форму шара. На змочвальнай паверхні К. прымае форму шаравога сегмента з вострым краявым вуглом, на нязмочвальнай — з тупым. Ціск пары каля паверхні К. залежыць ад яе радыуса і вызначаецца Кельвіна ўраўненнем. Гл. таксама Змочванне.

Выцяканне вады з капілярнай трубкі з утварэннем кропель (павялічана ў 3 разы).

т. 8, с. 476

КРОС (ад англ. cross перасякаць),

спартыўнае спаборніцтва на мясцовасці з пераадоленнем прыродных перашкод (узгоркі, палі, хмызнякі і інш.); састаўная частка сучаснага пяцібор’я; метад трэніроўкі. Праводзіцца ў лёгкай атлетыцы, конным, веласіпедным, матацыклетным, аўтамабільным і інш. відах спорту.

Першы лёгкаатлетычны К. як спарт. спаборніцтва адбыўся ў 1867 у Лондане. У Расіі праведзены ў 1909. Найб. вядомы міжнар. лёгкаатлетычны К. нацый (з 1903) — асабіста-камандныя спаборніцтвы для мужчын, дыстанцыя 10—15 км. На Беларусі першыя спаборніцтвы праведзены ў 1913 у Гомелі. Афіцыйныя спаборніцтвы па К. адбыліся ў 1928 сярод спартсменаў Мінскай акругі на дыстанцыі 8 км у мужчын і 1,5 км у жанчын. Масавыя кросы праводзяцца з 1930-х г.

т. 8, с. 476

КРОС ((Kross) Яан) (н. 19.2.1920, Талін),

эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1971). Нар. пісьменнік Эстоніі (1985). Скончыў Тартускі ун-т (1944). Друкуецца з 1938. Аўтар зб-каў паэзіі «Абагачальнік вугалю» (1958), «Каменныя скрыпкі» (1964), «Цудоўныя справы вяршыць дождж» (1969), «Паток і трохзубец» (1971), якім уласцівы інтэлектуалізм, вострае адчуванне дыялектыкі жыцця. У тэтралогіі «Паміж трыма пошасцямі» (1970—80), раманах «Нябесны камень» (1973), «Імператарскі вар’ят» (1978), «Ракверэскі раман» (1981), «Раскопкі» (1990) гісторыя Эстоніі падаецца ў сац.-філас. і маральна-этычным плане. Пераклаў на эст. мову творы Я.Купалы, Г.Гейнэ, Ф.Шылера, А.Грыбаедава. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.Базарэвіч, А.Вольскі. Прэмія Эстоніі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1982.

Я.Крос.

т. 8, с. 476

КРОСБРЫ́ДЗІНГ (англ. crossbreeding ад cross скрыжаванне + breeding расплоджванне),

міжпароднае скрыжаванне; метад расплоджвання с.-г. і паддоследных жывёл, форма аўтбрыдзінга. Гл. таксама Гетэрозіс.

т. 8, с. 476

КРО́СНЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Krośnieńskie),

былая адміністрацыйна-тэр. адзінка на Пд Польшчы. З 1999 тэр. ў складзе Падкарпацкага ваяводства.

т. 8, с. 476

КРО́СНЫ,

ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.

Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб. стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.

К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.

Г.М.Курыловіч.

Кросны.

т. 8, с. 476

«КРО́СНЫ»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Кампазіцыйна прасторавы малюнак нагадвае рух ніткі ў працэсе ткацтва. Асн. рухі — простыя і пераменныя крокі, па-дэ-баскі, падбіўкі. Пазіцыі рук імітуюць працу ткачых за кроснамі. Сустракаюцца парныя варыянты танца. Вядомы ў Бабруйскім, Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл. Сцэнічны варыянт танца стварыў у 1955 балетмайстар В.Шалуха з самадз. калектывам Аршанскага льнокамбіната.

т. 8, с. 478

КРОТ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 5.9.1960, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1997). Скончыў БДУ (1982). З 1982 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, адначасова з 1993 праф. БДУ. Навук. працы па тэорыі дынамічных сістэм, метадах і алгарытмах аптымальнага дыскрэтнага кіравання і даследавання самаарганізавальных сістэм, лічбавай апрацоўцы (фільтрацыі, рэстаўрацыі, кампрэсіі, ідэнтыфікацыі) сігналаў і відарысаў.

Тв.:

Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990;

Быстрые алгоритмы и программы цифровой спектральной обработки сигналов и изображений. Мн., 1995 (разам з А.Б.Мінервінай).

М.П.Савік.

т. 8, с. 478

КРО́ТА ((Kroto) Гаральд) (н. 7.10.1939, г. Уісбіч, Вялікабрытанія),

англійскі хімік. Скончыў Шэфілдскі ун-т (1964). З 1967 у Сусекскім ун-це (з 1985 праф.). Навук. працы па даследаванні структуры фулерэнаў. Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Р.Кёрлам, Р.Смелі).

т. 8, с. 478

КРО́ТАЎ (Веньямін Рыгоравіч) (н. 7.5.1949, Масква),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Адэскі ун-т (1971), дзе і працаваў у 1972—93. З 1993 у БПА, з 1998 у БДУ. Навук. працы па тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, тэорыі функцый камплекснай пераменнай, функцыянальным аналізе, тэорыі ўраўненняў з частковымі вытворнымі.

Тв.:

О гладкости примитивных Н.Н. Лузина и о теоремах Д.Е. Меньшова и Н.К. Бари // Матем. сб. 1987. Т. 134, № 3;

Точная оценка граничного поведения функций из классов Харди-Соболева в критическом случае // Матем. заметки. 1997. Т. 62, вып. 4.

т. 8, с. 478