КРО́ПЛЯ,

невялікі аб’ём вадкасці, абмежаваны ў стане раўнавагі паверхняй вярчэння. Утвараецца пры павольным выцяканні вадкасці з невял. адтуліны, пры сцяканні яе з краю паверхні, пры распыленні і эмульгаванні вадкасці, а таксама пры кандэнсацыі пары на цвёрдай нязмочвальнай паверхні ці ў газавым асяроддзі на цэнтрах кандэнсацыі.

Форма К. вызначаецца ўздзеяннем паверхневага нацяжэння і знешніх сіл, напр., сілы цяжару; у стане бязважкасці К. мае форму шара. На змочвальнай паверхні К. прымае форму шаравога сегмента з вострым краявым вуглом, на нязмочвальнай — з тупым. Ціск пары каля паверхні К. залежыць ад яе радыуса і вызначаецца Кельвіна ўраўненнем. Гл. таксама Змочванне.

Выцяканне вады з капілярнай трубкі з утварэннем кропель (павялічана ў 3 разы).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)