КРОС (ад англ. cross перасякаць),

спартыўнае спаборніцтва на мясцовасці з пераадоленнем прыродных перашкод (узгоркі, палі, хмызнякі і інш.); састаўная частка сучаснага пяцібор’я; метад трэніроўкі. Праводзіцца ў лёгкай атлетыцы, конным, веласіпедным, матацыклетным, аўтамабільным і інш. відах спорту.

Першы лёгкаатлетычны К. як спарт. спаборніцтва адбыўся ў 1867 у Лондане. У Расіі праведзены ў 1909. Найб. вядомы міжнар. лёгкаатлетычны К. нацый (з 1903) — асабіста-камандныя спаборніцтвы для мужчын, дыстанцыя 10—15 км. На Беларусі першыя спаборніцтвы праведзены ў 1913 у Гомелі. Афіцыйныя спаборніцтвы па К. адбыліся ў 1928 сярод спартсменаў Мінскай акругі на дыстанцыі 8 км у мужчын і 1,5 км у жанчын. Масавыя кросы праводзяцца з 1930-х г.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)