Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАКУШНЯ́К (Аляксандр Якаўлевіч) (10.3.1879, г. Адэса, Украіна — 21.4.1930),

артыст эстрады, заснавальнік жанру «вечары апавяданняў». Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1906 як драм. акцёр. З 1910 выступаў з канцэртамі, як аўтар, рэжысёр і выканаўца твораў л-ры з эстрады: «Паўстанне анёлаў» А.Франса, «Егіпецкія ночы» А.Пушкіна, «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Кацюша Маслава» паводле Л.Талстога, «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф.Дастаеўскага і інш.

т. 6, с. 507

ЗАЛ,

у міфалогіі каўказска-іберыйскіх народаў (лакцаў, цахураў, рутульцаў, аварцаў, татаў) вярхоўны бог. Лічылася, што З. жыве на небе, ён вечны, усёвідушчы, усёмагутны, усёпераможны і літасцівы ўладар неба і зямлі. Ад яго залежыць дабрабыт на зямлі; сумленных і добрых людзей ён робіць багатымі, бессардэчных і прагных — жабракамі, пазбаўляючы іх розуму. З распаўсюджаннем ісламу З. сталі атаясамліваць з алахам.

т. 6, с. 508

ЗАЛАЖЭ́ННЕ СХІ́ЛАЎ, залажэнне гарызанталей,

адлегласць паміж дзвюма сумежнымі гарызанталямі на тапаграфічнай карце або плане, што дазваляе вызначыць стромкасць схілаў у патрэбным месцы без назіранняў на мясцовасці. Залежыць ад стромкасці схілаў і прынятай для карты вышыні сячэння. Чым больш стромы схіл на мясцовасці, тым меншая адлегласць паміж гарызанталямі на карце (пры аднолькавай вышыні сячэння).

т. 6, с. 508

ЗАЛА́ЗЫ,

другая назва балота Астравы-Дулебы.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТАВО́ЧКІ (Chrysopidoe),

сямейства насякомых атр. сеткакрылых. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Новай Зеландыі. Трапляюцца часцей на лісці дрэў і кустоў. На Беларусі найчасцей трапляюцца З. звычайная (Chrysopa camea) і З. жамчужная (Ch. perla).

Даўж. 1—1,5 см. Цела светла-зялёнае. Крылы празрыстыя, светлыя, вясёлкава- або перламутрава-пералівістыя (размах 19—50 мм), з густой сеткай жылак. Вусікі ніткападобныя. Вочы выпуклыя, залацістыя (адсюль назва). Адкладваюць яйцы на лісце раслін. Лічынкі падоўжаныя, верацёнападобныя, зверху па баках пучкі валаскоў. Лічынкі і дарослыя — драпежнікі, кормяцца тлямі, шчытоўкамі, вусенямі, кляшчамі, некат. — нектарам. Актыўныя ўначы.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТАГО́РАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 30.5.1931, с. Стараюр’ева Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1966), праф. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1954). Працаваў нач. лесапункта, гал. інжынерам леспрамгаса. З 1965 у Бел. дзярж. тэхнал. ун-це (з 1996 заг. кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемствах хіміка-ляснога комплексу). Даследуе праблемы сац.-эканам. эфектыўнасці прамысл. вытв-сці, капітальных укладанняў і новай тэхнікі. Аўтар эканам. слоўнікаў і даведнікаў, падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Энциклопедический словарь по экономике. Мн., 1997.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТАГУ́ЗКА (Euproctis chrysorrhoea),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі часам назіраецца масавы лёт у садах, парках, лісцевых лясах.

Крылы ў размаху да 3,5 см, афарбоўка белая, на пярэдніх крылах зрэдку чорныя кропкі; на канцы брушка пучок залацістых валаскоў (адсюль назва). Яйцакладкі (на лісці) прыкрываюцца валаскамі. Шаравата-чорныя вусені даўж. да 3,5 см, бародаўчатыя, з пякучымі валаскамі, якія пры сутыкненні з імі выклікаюць моцнае раздражненне скуры і слізістых абалонак. Зімуюць групамі (па 200—300) у гнёздах з лісця. Знішчаюць пупышкі і лісце пладовых і лясных лісцевых дрэў.

Залатагузка: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — пашкоджанае лісце.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТАРО́ВА (Марыя Міхайлаўна) (17.9.1907, г. Вазнясенск, Украіна — 14.2.1979),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1951), праф. (1952). Скончыла Адэскі мед. ін-т (1930). У 1951—54 заг. кафедры Віцебскага мед. ін-та. З 1954 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па лячэнні эпідэмічнага кан’юнктывіту, па вызначэнні афтальмалагічных прыкмет пры розных хваробах.

Тв.:

Офтальмологические симптомы при различных заболеваниях организма. Мн., 1965;

Офтальмологические симптомы при болезнях ЛОР-органов и полости рта. Мн., 1969;

Избранные разделы клинической офтальмологии // Офтальмалогия. Мн., 1973.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТАРО́Ў (Васіль Андрэевіч) (7.3.1872, г. Таганрог, Расія —25.5.1964),

рускі і бел. кампазітар, педагог. Засл. арт. Расіі (1932), нар. арт. Беларусі (1949). Праф. (1918). Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М.Балакірава і А.Лядава, скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1900, клас М.Рымскага-Корсакава). У 1909—33 выкладаў у кансерваторыях і муз.-драм. ін-тах у Расіі і на Украіне, у 1933—41 — у Бел. кансерваторыі. Творча развіваў рэаліст. традыцыі рус. класічнай музыкі. Напісаў шэраг твораў на матэрыяле фальклору розных народаў, у т.л. ўкр., узб., малд., туркм. і інш. У бел. муз. культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах нар. легенд «Князь-возера» (паст. 1949, Дзярж. прэмія СССР 1950; на тую ж музыку паст. балеты «Аповесць пра каханне», 1953, і «Палымяныя сэрцы», 1955); сімфонія «Беларусь» (4-я, 1934), танц. сюіта і уверцюра-фантазія на бел. тэмы (1937) для сімф. арк.; Маленькая сюіта на тэмы зах.-бел. нар. песень для хору а капэла (1943); цыкл апрацовак нар. песень для голасу з сімф. арк. «Кантрасты» (1939). Сярод інш. твораў: опера «Дзекабрысты» (паст. 1925), 4 кантаты, 6 сімфоній, 6 стр. квартэтаў і інш. Аўтар манаграфіі «Фуга» (1932) — першай рус. працы, спецыяльна прысвечанай гэтай муз. форме.

Літ. тв.: Воспоминания... М., 1957; Фуга. 3 изд. М., 1965.

Літ.:

Нисневич С. В.А.Золотарев. М., 1964.

С.Г.Нісневіч.

В.А.Залатароў.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТАРО́Ў (Іваноў) Карп Іванаў

(?—1698),

жывапісец і залатапісец у Маскоўскай дзяржаве. Паходзіў з Беларусі. У канцы 1650-х г. працаваў у Нова-Іерусалімскім манастыры каля Масквы, потым «жалаваны» жывапісец Маскоўскай Аружэйнай палаты. Выконваў (з І.Безміным) жывапісныя творы для Церамнога палаца Маскоўскага Крамля, размалёўваў слупы ў Пакроўскім саборы і печы ў царскіх харомах с. Ізмайлава, Троіцкую праязную вежу-браму ў Крамлі, іканастас Сергіеўскай царквы с. Вараб’ёва. Аўтар партрэта патрыярха Іаакіма (1678), абразоў «Пакуты божыя», «Уваскрэсенне Хрыста», «Пакровы Маці Божай», харугваў з карцінамі «Уваскрэсенне Хрыста» і «Успенне Багародзіцы» для Страснога манастыра ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні іканастасаў царквы Успення Багародзіцы ў трапезнай Новадзявочага манастыра (1685), Вял. сабора Данскога манастыра ў Маскве (1698) і інш. Намаляваў на паперы «12 месяцаў і бегі нябесныя», прапісваў золатам чарцяжы і тэкст рукапіснай кнігі «Пра млынавую будову». Меў вучняў.

т. 6, с. 508