ЗАЛАТАГУ́ЗКА (Euproctis chrysorrhoea),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі часам назіраецца масавы лёт у садах, парках, лісцевых лясах.

Крылы ў размаху да 3,5 см, афарбоўка белая, на пярэдніх крылах зрэдку чорныя кропкі; на канцы брушка пучок залацістых валаскоў (адсюль назва). Яйцакладкі (на лісці) прыкрываюцца валаскамі. Шаравата-чорныя вусені даўж. да 3,5 см, бародаўчатыя, з пякучымі валаскамі, якія пры сутыкненні з імі выклікаюць моцнае раздражненне скуры і слізістых абалонак. Зімуюць групамі (па 200—300) у гнёздах з лісця. Знішчаюць пупышкі і лісце пладовых і лясных лісцевых дрэў.

Залатагузка: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — пашкоджанае лісце.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)