ЗАЛАТАРО́Ў (Васіль Андрэевіч) (7.3.1872, г. Таганрог, Расія —25.5.1964),

рускі і бел. кампазітар, педагог. Засл. арт. Расіі (1932), нар. арт. Беларусі (1949). Праф. (1918). Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М.Балакірава і А.Лядава, скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1900, клас М.Рымскага-Корсакава). У 1909—33 выкладаў у кансерваторыях і муз.-драм. ін-тах у Расіі і на Украіне, у 1933—41 — у Бел. кансерваторыі. Творча развіваў рэаліст. традыцыі рус. класічнай музыкі. Напісаў шэраг твораў на матэрыяле фальклору розных народаў, у т.л. ўкр., узб., малд., туркм. і інш. У бел. муз. культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах нар. легенд «Князь-возера» (паст. 1949, Дзярж. прэмія СССР 1950; на тую ж музыку паст. балеты «Аповесць пра каханне», 1953, і «Палымяныя сэрцы», 1955); сімфонія «Беларусь» (4-я, 1934), танц. сюіта і уверцюра-фантазія на бел. тэмы (1937) для сімф. арк.; Маленькая сюіта на тэмы зах.-бел. нар. песень для хору а капэла (1943); цыкл апрацовак нар. песень для голасу з сімф. арк. «Кантрасты» (1939). Сярод інш. твораў: опера «Дзекабрысты» (паст. 1925), 4 кантаты, 6 сімфоній, 6 стр. квартэтаў і інш. Аўтар манаграфіі «Фуга» (1932) — першай рус. працы, спецыяльна прысвечанай гэтай муз. форме.

Літ. тв.: Воспоминания... М., 1957; Фуга. 3 изд. М., 1965.

Літ.:

Нисневич С. В.А.Золотарев. М., 1964.

С.Г.Нісневіч.

В.А.Залатароў.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)