ЗАЛАТАВО́ЧКІ (Chrysopidoe),

сямейства насякомых атр. сеткакрылых. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Новай Зеландыі. Трапляюцца часцей на лісці дрэў і кустоў. На Беларусі найчасцей трапляюцца З. звычайная (Chrysopa camea) і З. жамчужная (Ch. perla).

Даўж. 1—1,5 см. Цела светла-зялёнае. Крылы празрыстыя, светлыя, вясёлкава- або перламутрава-пералівістыя (размах 19—50 мм), з густой сеткай жылак. Вусікі ніткападобныя. Вочы выпуклыя, залацістыя (адсюль назва). Адкладваюць яйцы на лісце раслін. Лічынкі падоўжаныя, верацёнападобныя, зверху па баках пучкі валаскоў. Лічынкі і дарослыя — драпежнікі, кормяцца тлямі, шчытоўкамі, вусенямі, кляшчамі, некат. — нектарам. Актыўныя ўначы.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)