Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАМЫСЛО́ВАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

тэрмін, характэрны для заканадаўства шэрагу краін і міжнар. пагадненняў Уключае правы на вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі, знакі абслугоўвання, фірменныя найменні і ўказанні паходжання або наймення месца паходжання тавару, а таксама правы, што тычацца абароны супраць нядобрасумленнай канкурэнцыі. Міжнар. прававая ахова П.у. ажыццяўляецца шляхам замежнага патэнтавання па ўстаноўленых нормах, гал. з якіх замацаваны ў Парыжскай канвенцыі па ахове П.у. 1883 (з папраўкамі 1900, 1911, 1925, 1934, 1958, 1967).

т. 13, с. 8

ПРАМЫСЛО́ВА-ГАРАДСКА́Я АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

тып гарадской агламерацыі, у якой прамысл. вытв-сць выконвае горадаўтваральную функцыю; важны элемент урбаністычнай структуры прамысловасці. Адрозніваюць П-г.а., якія ўзніклі ў выніку росту прамысл. вытв-сці спачатку ў буйных гарадах, а потым — у іх прыгарадах, і агламерацыі, узнікненне якіх не звязана з раёнаўтваральнай роляй вял. гарадоў (напр., сфарміраваліся на базе выкарыстання мясц. мінер.-сыравінных і энергет. рэсурсаў).

т. 13, с. 6

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ БУДЫ́НКІ,

будынкі для размяшчэння тэхнал., трансп., энергет. і інш. абсталявання, ажыццяўлення тэхнал. працэсаў і выпуску гатовай прадукцыі. Падзяляюцца на асноўныя вытв. і падсобна-вытв. ці дапаможныя цэхі; энергет. аддзяленні, што служаць для размяшчэння абсталявання, якое вырабляе сціснутае паветра, пар, электраэнергію і інш. Для выканання тэхнал. цыклаў П.б. аснашчаны грузападымальным і падымальна-трансп. абсталяваннем, сродкамі прамысл. транспарту, сродкамі сувязі і інш. Гл. таксама Прамысловыя збудаванні.

Тыпы прамысловых будынкаў: 1 — аднапавярховыя; 2 — павільённага тыпу; 3 — шматпралётны з папярочным зборачным пралётам; 4 — шматпавярховы.

т. 13, с. 10

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

інжынерныя збудаванні, што выконваюць пэўныя функцыі ў вытворчым працэсе ці ўспрымаюць нагрузкі ад тэхнал. абсталявання, трансп. сродкаў і інш.

Да П.з. адносяцца збудаванні камунікацыйнага прызначэння: тунэлі і каналы, у якіх пракладваюць тэхнал. камунікацыі, кабельныя лініі электразабеспячэння і сувязі; трубаправоды для перамяшчэння сыравіны і інш. матэрыялаў; апоры ліній электраперадач, апоры кантактавай сеткі, апоры сістэм асвятлення і інш. П.з. з’яўляюцца таксама сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, ёмістасці для сыпкіх, вадкіх і газападобных матэрыялаў: адстойнікі, ачышчальныя збудаванні, пырскальныя і спартыўныя басейны, бункеры, водазаборныя збудаванні, воданапорныя вежы, газгольдэры, градзірні, нафтасховішчы, сіласасховішчы і інш. Асобную групу складаюць трансп. збудаванні: пуцеправоды, апоры падвесных дарог, кранавыя эстакады, а таксама збудаванні, на якіх размяшчаюць тэхнал. абсталяванне ці ёмістасці — падмуркі, апорныя пляцоўкі, пастаменты і інш. Гл. таксама Прамысловыя будынкі.

А.​Я.​Вакар.

т. 13, с. 10

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды, якія маюць у сабе карысныя выкапні (рэдкія і рассеяныя элементы, соль, соду) і выкарыстоўваюцца ў якасці гідрамінеральнай сыравіны. З П.п.в. здабываюць ёд, бром, літый, стронцый, рубідый і інш., таксама кухонную і калійную солі, соду. Асн. паказчык П.п.в. — колькаснае ўтрыманне карыснага рэчыва, мінім. канцэнтрацыя якога павінна забяспечыць рэнтабельнасць здабычы і перапрацоўкі. Мінім. канцэнтрацыі карысных кампанентаў складаюць у сярэднім: стронцый — 300 мг/дм​3, бром — 250, калій — 100, ёд — 18, рубідый — 1, цэзій — 0,5 мг/дм​3. Звычайна прымеркаваны да глыбінных частак буйных артэзіянскіх басейнаў, якія ўмяшчаюць высокамінералізаваныя воды і расолы хларыднага натрыевага (натрыева-кальцыевага) саставу. Здабыча карысных выкапняў з П.п.в. пашырана на Украіне, у ЗША, Германіі, Японіі, Чылі, Расіі, Туркменістане. На Беларусі (Прыпяцкі прагін) падрыхтавана для распрацоўкі некалькі такіх радовішчаў па здабычы брому і ёду.

М.​С.​Капора.

т. 13, с. 10

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЫ́БЫ,

аб’екты рыбалоўства і рыбаводства, якія выкарыстоўваюцца чалавекам для харчавання і атрымання прадуктаў тэхн. перапрацоўкі (кармавая мука, рыбін тлушч, арган. тукі, скура, клей і інш.). Асн. П.р.: акулы, акунёвыя, асятровыя, камбалавыя, карпавыя, кефалевыя, ласасёвыя, селядцовыя, скарпенавыя (марскі акунь), скумбрыевыя, сомавыя, стаўрыдавыя, трасковыя, тунцовыя і інш. Адрозніваюць асн. (шматлікія) і пабочныя (нешматлікія) віды П.р., колькасць якіх залежыць ад экалагічных умоў вадаёма і можа змяняцца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На Беларусі каля 40 відаў П.р. У прамысл. уловах пераважаюць плотка, лешч, шчупак, карась, акунь, гусцяра, карп (сазан) і інш. Гадавы ўлоў азёрна-рачной рыбы 966 т (з азёр 608 т, з рэк 203 т, з вадасх. 155 т); з сажалак каля 4,5 тыс. т, пераважна карпа (1999).

т. 13, с. 10

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прамысловых запасаў узнаўляльных прыродных рэсурсаў, якія мае асобная краіна ці рэгіён. Для рацыянальнага выкарыстання П.р. неабходна прытрымлівацца пэўных аб’ёмаў эксплуатацыі, якія не перавышаюць здольнасць папуляцый да самаўзнаўлення, выкарыстоўваць метады экстэнсіўнага, штучнага ўзнаўлення (напр. з дапамогай рыбагадоўчых гаспадарак і інш.). Звесткі аб П.р. заносяць у прамысловы кадастр.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 10

ПРАМЫСЛО́ВЫ ВУ́ЗЕЛ,

спалучэнне прамысловых прадпрыемстваў, аб’яднаных паміж сабой цеснымі вытв. і вытв.-тэхнал. сувязямі, адзінай вытв. інфраструктурай, агульнасцю трансп., геагр. размяшчэння ў межах аднаго або некалькіх блізкіх адзін ад аднаго нас. пунктаў (гарадоў, гар. пасёлкаў і інш.). Таксама наз. група прадпрыемстваў галіны прам-сці, размешчаных на адной пляцоўцы, пабудаваных паводле адзінага плана і аб’яднаных агульнай інфраструктурай, часам узаемнымі вытв. сувязямі. Гл, таксама Канцэнтрацыя вытворчасці, Канцэрн.

т. 13, с. 9

ПРАМЫСЛО́ВЫ ЗАПА́С, эксплуатацыйны запас,

частка (колькасць) узнаўляемых прыродных рэсурсаў, якую магчыма перыядычна адбіраць з прыроднага асяроддзя без шкоды для іх ўзнаўлення.

т. 13, с. 9

ПРАМЫСЛО́ВЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак пра аб’екты, што складаюць прамысловыя рэсурсы краіны, рэгіёна. Змяшчае прамысл.-біял. характарыстыку аб’ектаў (класіфікацыя, дынаміка відаў і папуляцый, ступень іх даследаванасці, нормы здабычы, меры аховы і інш.), сац.-эканам. ацэнку, картаграфічныя і стат. звесткі, рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні, напр., Дзярж. кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь (уключае кадастравыя кнігі паляўнічых і прамысл. жывёл) і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 9