Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАДЗЕ́ЙНАСЦЬ у тэхніцы,

уласцівасць тэхн. сістэм захоўваць ва ўстаноўленых межах значэнні параметраў, што характарызуюць здольнасць аб’екта (збудавання, канструкцыі, машыны, вырабу, матэрыялу) выконваць свае функцыі ў зададзеных рэжымах і ўмовах эксплуатацыі, тэхн. абслугоўвання, рамонтаў, захоўвання і транспартавання. Н. — складаная (комплексная) уласцівасць, спалучае шэраг больш простых: безадказнасць, даўгавечнасць, рамонтапрыдатнасць, захавальнасць (здольнасць вырабу захоўваць значэнне папярэдніх паказчыкаў у час і пасля захоўвання і транспартавання). Да гэтых уласцівасцей дадаюць таксама бяспечнасць (уласцівасць тэхн. аб’екта не ствараць на працягу зададзенага тэрміну сітуацый, небяспечных для жыцця і здароўя людзей, навакольнага асяроддзя, нармальнай гасп. дзейнасці).

Для ацэнкі Н. выкарыстоўваюць шэраг колькасных і якасных паказчыкаў, якія даюць усебаковую характарыстыку вырабаў, неабходную для параўнальнай ацэнкі іх якасці і канкурэнтаздольнасці. Найб. важныя паказчыкі: напрацоўка на адказ, каэф. гатоўнасці, каэф. тэхн. выкарыстання, імавернасць безадказнай работы, рэсурс пры розных імавернасцях неразбурэння. У цэлым Н. забяспечвае тэхн. магчымасць выкарыстання вырабу па прызначэнні і з патрэбнай эфектыўнасцю. Паказчыкі Н. адлюстроўваюцца ў тэхн. дакументацыі. Тэарэт. абгрунтаванне паказчыкаў Н. дае надзейнасці тэорыя.

Літ.:

Основные вопросы теории и практики надежности. М., 1971;

Ллойд Д., Липов М. Надежность: Пер. с англ. М., 1964.

А.В.Бераснеў.

т. 11, с. 121

НАДЗЕ́Л,

зямельны ўчастак, які даваў у карыстанне сялянам феад. ўласнік зямлі (памешчык, дзяржава). Быў асн. формай сял. землекарыстання пры феадалізме. За карыстанне Н. сяляне неслі розныя павіннасці на карысць феадала. Н. служыў крыніцай існавання селяніна і феадала (гл. Зямельная рэнта), спалучаўся з пазаэканамічным прымусам. Надзельнае землекарыстанне было найб. характэрным для ВКЛ і Рас. імперыі да сялянскай рэформы 1861. Існавала ў формах індывідуальнага (падворнага) і абшчыннага (сумеснага сялянскага) землекарыстання. Пасля ўказаў ад 1.3 і 2.11.1863 пра абавязковы пераход на выкуп сялян Беларусі і Літвы Н. ператварыўся ў падворнае або абшчыннае сял. ўладанне (гл. Надзельнае землеўладанне). В.П.Панюціч.

т. 11, с. 121

НАДЗЕ́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,

сістэма сялянскага ўладання зямлёй у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Утварылася ў выніку сялянскай рэформы 1861, дзяржаўных сялян рэформы 1866—67, чыншавай рэформы 1886, рэформ удзельных сялян і інш. З пераходам сялян на выкуп, зацвярджэннем выкупных і люстрацыйных актаў надзельныя (гл. Надзел) і частка арандаваных зямель сталі іх уладаннямі. Уласнікам гэтай зямлі да сталыпінскай аграрнай рэформы была дзяржава. Н.з. захоўвала напаўпрыгонніцкі характар. Продаж і дарэнне надзельнай зямлі былі вельмі абмежаваныя. Сялянам забаранялася закладваць яе нават пасля выкупу. У той жа час сял. надзельныя ўчасткі свабодна адчужаліся для дзярж. і грамадскіх патрэб. Усё гэта стрымлівала развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Н.з. існавала ў абшчыннай і падворнай формах. Падворная форма яго панавала ў Прыбалтыцы, зах. і цэнтр. паветах Беларусі, на Правабярэжнай Украіне, у Бесарабіі, Каралеўстве Польскім. У астатніх рэгіёнах еўрап. Расіі панавала абшчыннае землеўладанне. Памеры Н.з. ў розных катэгорый сялян былі неаднолькавыя. У 1905 у б. дзярж. сялян надзел на двор у сярэднім дасягаў 12,5 дзес., а ў б. памешчыцкіх сялян — 6,7 дзес. У сярэднім на памешчыцкую латыфундыю ў еўрап. Расіі прыпадала 2,2 тыс. дзес., а на сял. двор — 11,1 дзес. зямлі пры тым, што мінімальныя патрэбы сял. гаспадаркі мог забяспечыць надзел, не меншы як 15 дзес. На пач. 20 ст. з 12,3 млн. сял. двароў 6,2 млн. мелі да 8 дзес. зямлі, а 2,2 млн. — больш за 15 дзес. Паскораны працэс разлажэння сялянства вёў да малазямелля асн. масы сялян, якое ўзмацнялася натуральным ростам сял. насельніцтва, і надзел часта не мог пракарміць сял. сям’ю. Пашыралася арэнда зямлі, найперш памешчыцкай. Не менш за ​1/2 усёй зямлі, арандаванай сялянамі еўрап. часткі краіны, было сканцэнтравана ў руках сельскай буржуазіі (кулацтва), якая вяла на ёй капіталіст. гаспадарку. Рыначнай з’явай была купля зямлі сялянамі па-за межамі Н.з. Усяго з 1877 да 1905 сяляне еўрап. Расіі набылі 7,5 млн. дзес. зямлі, з якіх ад ​2/3 да ​3/4 знаходзілася ў руках кулацтва.

На Беларусі ў канцы 1870-х г. надзельныя землі (5535,7 тыс. дзес.) складалі ​1/3 ад агульнай плошчы прыдатнай зямлі, памешчыцкія і казённыя — больш за 75. У 1877 на сял. двор тут прыпадала ў сярэднім 14,6 дзес., у 1905—10,2, на памешчыка і памешчыцкі маёнтак адпаведна 1097 і 813 дзес. Пры гэтым надзел на двор б. казённых сялян у сярэднім быў роўны 17 дзес., а б. памешчыцкіх сялян — 13,8 дзес. У 1877 менш за 15 дзес. (мінімальна неабходны надзел) мелі 61,9% бел. сялянскіх гаспадарак, у 1905—84,5%. Ва ўсх. Беларусі (у Магілёўскай і бел. паветах Віцебскай губ.), дзе захаваліся абшчынныя надзельныя землі, перыядычны іх перадзел у асн. не ажыццяўляўся. У Магілёўскай губ. да 1904 агульныя і прыватныя перадзелы зямельныя не праводзіліся ў 88% сельскіх грамад. У Віцебскай губ. агульныя зямельныя перадзелы таксама адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем. Недахоп надзельнай зямлі абумоўліваў на Беларусі арэнду сялянамі пазанадзельных зямель. На мяжы 19—20 ст. арандаваныя бел. сялянамі пазанадзельныя землі складалі каля /з ад плошчы надзельнай зямлі. Адначасова бедната частку сваіх надзельных угоддзяў здавала ў арэнду заможным аднавяскоўцам. Побач з арэндай сяляне ўзмоцнена куплялі зямлю. На Беларусі плошча купленых імі зямель з 1877 да 1905 павялічылася ў 8,3 раза і дасягнула 21,5% ад надзельных. 82,1% сялянскай асабістай купленай зямлі тут належала заможным кулацкім вярхам вёскі. Землі, набытыя сял. грамадамі і т-вамі, таксама размяркоўваліся «па грошах» і траплялі пераважна ў рукі тых жа заможных гаспадароў. З часу сталыпінскай агр. рэформы сяляне атрымалі права выхаду з пазямельнай абшчыны і замацавання надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць без абмежаванняў. За час гэтай рэформы плошча Н.з. па Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. скарацілася: да 43% абшчынных зямель сталі асабістай уласнасцю сялян. За 1907—14 ў 5 зах. губернях 40 820 сялян прадалі свае атрыманыя ў асабістую ўласнасць надзелы (187,8 тыс. дзес.), якія перайшлі пераважна ў рукі сельскай буржуазіі. Н.з. ліквідавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у выніку нацыяналізацыі ўсёй зямлі.

Літ.:

Зайончковский П.А. Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г. М., 1958;

Ленін У.І. Аграрнае пытанне ў Расіі к канцу XIX в. // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гт. Мн., 1962;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.П.Панюціч, Ж.Б.Чэпа.

т. 11, с. 121

НАДЗЕ́Я,

успрыманне будучыні, калі жаданае або неабходнае бачыцца як рэальнасць, якая павінна здзейсніцца. Фарміруецца ў выніку пазнання аб’ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове назапашанага суб’ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.). У прадказанні магчымага развіцця падзей Н. адыгрывае ролю ўнутр. рэгулятара дзейнасці, які дапамагае чалавеку вызначаць яе вынікі і мэтазгоднасць, адлюстроўвае жыццёвыя спадзяванні асобы і грамадства. У этыцы хрысціянства Н. (асабліва на пасмяротную ўзнагароду) разам з верай і любоўю належыць да гал. дабрачыннасцей, выяўляе Ідэю перакананасці ў справядлівасці і міласэрнасці божай. Гарантам рэліг. Н. лічыцца Хрыстос, а сродкамі яе ажыццяўлення — малітва і прытрымліванне запаведзей аб шчасці.

В.В.Краснова.

т. 11, с. 121

НАДЗЁЖНЫ (Дзмітрый Мікалаевіч) (5.11.1873, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 22.2.1945),

савецкі военачальнік, удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Ген.-лейт. (1940). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1894), Акадэмію Генштаба (1901). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, дывізіяй, корпусам. Ген.-лейт. (1917). З 1918 у Чырв. Арміі, каманд. Паўн. фронтам. У лют.ліп. 1919 каманд. Зах. фронтам, у кастр.ліст. 1919—7-й арміяй. З 1921 на камандных і штабных пасадах у РСЧА. З 1926 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміях. Аўтар успамінаў аб 1-й сусв. і грамадз. войнах.

П.А.Селіванаў.

т. 11, с. 122

НАДЗІ́Р (араб.),

пункт перасячэння нябеснай сферы з вертыкальнай лініяй, якая праходзіць праз пункт назірання і праведзена ўніз ад плоскасці гарызонту. Дыяметральна процілеглы зеніту.

т. 11, с. 122

НАДЗІ́Р-ШАХ (Мухамед Афшар) (22.10.1688, Дэрэгёз, Іран — 20.6.1747),

шах Ірана [1736—47]. Паходзіў з цюркскага племя афшар. З 1726 на службе сефевідскага шаха Тахмаспа II, узначальваў паспяховую барацьбу супраць афганцаў і туркаў. У 1732 скінуў Тахмаспа II, у 1736 абвясціў шахам сябе. У выніку серыі захопніцкіх войнаў стварыў вял. імперыю, у склад якой ўвайшлі Закаўказзе, Афганістан, Хівінскае ханства і Бухарскае ханства. У 1739 захапіў і разрабаваў г. Дэлі — сталіцу Магольскай імперыі. Загінуў у выніку змовы ханаў, незадаволеных яго палітыкай.

т. 11, с. 122

НАДЗЬ ((Nagy) Імрэ) (7.6.1896, г. Капашвар, Венгрыя — 16.6.1958),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну трапіў у рас. палон (1916), уступіў у партыю бальшавікоў (1917). У 1921—28 у венг. сял. руху. З 1930 у СССР. У 1944—45 міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі, правёў зямельную рэформу (бязвыплатнае адчужэнне буйнога землеўладання). З канца 1940-х г. адзін з лідэраў кіруючай Венг. партыі працоўных (ВПП), узначальваў парт. апазіцыю курсу групоўкі 1-га сакратара ЦК ВПП М.Ракашы. У 1953—55 і ў час Венг. паўстання 1956 (гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя) прэм’ер-міністр. Пасля паражэння паўстання вывезены ў Румынію, у 1958 вернуты ў Венгрыю, асуджаны на закрытым працэсе і пакараны смерцю. У 1989 рэабілітаваны, перапахаваны.

т. 11, с. 122

НАДКО́СНІЦА, перыёст,

тонкая пласцінка, якая ўтвараецца валакністай злучальнай тканкай і ўкрывае косць звонку. У дарослых жывёл і чалавека звычайна двухслаёвая. Злучае косць з навакольнымі тканкамі, на ёй мацуюцца фасцыі, звязкі, сухажыллі. Прымае ўдзел у рэгенерацыі, росце і трофіцы косці.

т. 11, с. 122

НА́ДЛЕР ((Nadler) Маркус) (29.8.1895, г.Кымпулунг, Румынія — 1965),

амерыканскі эканаміст, адзін з заснавальнікаў народнага капіталізму тэорыі. Працаваў эканам. экспертам у банках. З 1926 супрацоўнік Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША. З 1927 праф. Нью-Йоркскага ун-та. Аўтар прац па тэорыі крэдыту і грашовага абарачэння. У трактоўцы грошай блізкі да колькаснай тэорыі. Лічыў, што ва ўмовах прыватнага прадпрымальніцтва немагчыма поўнасцю ліквідаваць цыклічныя ваганні вытв-сці, але іх можна рэзка скараціць шляхам увядзення жорсткіх крэдытных абмежаванняў, калі ўзнікае сур’ёзная небяспека інфляцыі. Аўтар прац «Народны капіталізм» (1956), «Эканамічнае развіццё Злучаных Штатаў» (1960).

т. 11, с. 122