Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс. км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн. м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.Кромвела, названа яго імем.

т. 8, с. 475

КРО́МВЕЛЬ ((Cromwell) Олівер) (25.4.1599, г. Хантынгдан, Вялікабрытанія — 3.9.1658),

дзеяч першай з Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1640 дэп. Доўгага парламента. Адзін з лідэраў руху супраць абс. манархіі Карла I, ініцыятар стварэння парламенцкай арміі (сфарміраваў яе ядро — кав. полк), якая разбіла войскі караля ў 1-й (1642—46) і 2-й (канец 1647 — пач. 1649) грамадз. войнах. Садзейнічаў пакаранню смерцю Карла I і абвяшчэнню Англіі рэспублікай (1649). З 1650 лорд-ген. (галоўнакаманд. ўсімі ўзбр. сіламі). Задушыў рухі левелераў і дыгераў, Ірландскае паўстанне 1641—52, паўстанне ў Шатландыі (1650—52). З снеж. 1653 лорд-пратэктар (фактычна дыктатар) Англіі, Ірландыі і Шатландыі. Пры ім прыняты Навігацыйны акт 1651 (гл. Навігацыйныя акты), адбылася англа-галандская марская вайна 1652—54 (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), англічане заваявалі в-аў Ямайка (1655) і г. Дзюнкерк (1658, цяпер Францыя). Пасля смерці К. рэспубліку кароткі час (вер. 1658 — май 1659) узначальваў яго сын Рычард (1626—1712).

Літ.:

Павлова Т.А. Кромвель. М., 1980;

Ковард Б. Оливер Кромвель: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.

О.Кромвель.

т. 8, с. 476

КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),

польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.Длугаша, Мацея з Мехава, Б.Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.

А.А.Семянчук.

т. 8, с. 476

Кромер Андрэас

т. 18, кн. 1, с. 411

Кромер Герберт

т. 18, кн. 1, с. 411

КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),

адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).

т. 8, с. 476

КРОН (сапр. Крэйн) Аляксандр Аляксандравіч

(13.7.1909, Масква — 24.2.1983),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Дэбютаваў у 1929 п’есай «Вінтоўка № 492116» (паст. 1930) пра дзіцячую беспрытульнасць. П’есам «Баязлівец» (паст. 1935), «Наша зброя» (1937), «Глыбокая разведка» (паст. 1943), «Афіцэр флоту» (паст. 1945), «Другое дыханне» (паст. 1956) і інш. характэрны вострыя маральныя канфлікты. Аўтар муз. камедыі «Раскінулася мора шырока...» (з У.Вішнеўскім і У.Азаравым; паст. 1942). Выдаў раман «Дом і карабель» (1964) пра падводнікаў і іх удзел у абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну, псіхалагічны раман «Бяссонніца» (1977), дакумент аповесць «Капітан далёкага плавання» (1983), кнігі нарысаў «На хаду і на якары» (1961), «Вечная праблема» (1969), успамінаў «Аб равесніках» (1978). Пісаў артыкулы пра тэатр і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990—91;

Пьесы и статьи о театре. М., 1980.

С.Ф.Кузьміна.

т. 8, с. 476

КРО́НА,

надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.

т. 8, с. 476

КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, a K. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

КРО́НВАЛДС, Кронвальд (Kronvalds) Аціс (15.4.1837, Курземе каля г. Ліепая, Латвія — 17.2.1875), латышскі грамадскі дзеяч, педагог, мовазнавец. Скончыў пед. курсы пры Тартускім ун-це (1867), быў вольным слухачом Берлінскага ун-та (1859). Удзельнік руху младалатышоў. Выступаў супраць палітыкі анямечвання латышоў, за вызваленне лат. мовы ад германізмаў, пашырэнне сеткі лат. нар. школ. Зрабіў значны ўклад у развіццё лат. мовы. Аўтар кн. «Нацыянальныя імкненні» (1872 на ням., 1887 на лат. мовах).

т. 8, с. 476