КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),
польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.Длугаша, Мацея з Мехава, Б.Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.
А.А.Семянчук.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)