КРО́МВЕЛЬ ((Cromwell) Олівер) (25.4.1599, г. Хантынгдан, Вялікабрытанія — 3.9.1658),
дзеяч першай з Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1640 дэп.Доўгага парламента. Адзін з лідэраў руху супраць абс. манархіі Карла I, ініцыятар стварэння парламенцкай арміі (сфарміраваў яе ядро — кав. полк), якая разбіла войскі караля ў 1-й (1642—46) і 2-й (канец 1647 — пач. 1649) грамадз. войнах. Садзейнічаў пакаранню смерцю Карла I і абвяшчэнню Англіі рэспублікай (1649). З 1650 лорд-ген. (галоўнакаманд. ўсімі ўзбр. сіламі). Задушыў рухі левелераў і дыгераў, Ірландскае паўстанне 1641—52, паўстанне ў Шатландыі (1650—52). З снеж. 1653 лорд-пратэктар (фактычна дыктатар) Англіі, Ірландыі і Шатландыі. Пры ім прыняты Навігацыйны акт 1651 (гл.Навігацыйныя акты), адбылася англа-галандская марская вайна 1652—54 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), англічане заваявалі в-аў Ямайка (1655) і г. Дзюнкерк (1658, цяпер Францыя). Пасля смерці К. рэспубліку кароткі час (вер. 1658 — май 1659) узначальваў яго сын Рычард (1626—1712).
Літ.:
Павлова Т.А. Кромвель. М., 1980;
Ковард Б. Оливер Кромвель: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.