Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВО́ЛМА,

рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.

т. 4, с. 265

ВО́ЛМА, Валмянка,

рака ў Дзяржынскім і Валожынскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 177 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Шчэпкі Дзяржынскага р-на, цячэ па зах. схілах Мінскага узв. праз г.п. Івянец. Даліна выразная. Пойма лугавая, шыр. ў вярхоўі 20—50 м, у ніжнім цячэнні 120—200 м. Рэчышча звілістае, у верхнім цячэнні каналізаванае. Берагі стромкія, абрывістыя, асабліва на адрэзку ад г.п. Івянец да вусця.

т. 4, с. 265

ВО́ЛМА,

вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 50 км ад Мінска, 33 км ад чыг. ст. Койданава. 580 ж., 198 двароў (1996).

Вядома з 2-й пал. 15 ст., належала В.​Манівіду, А.​Гаштольду, Валадковічам, Філіповічам, Ваньковічам. У 1472 у Волме існаваў касцёл (не збярогся). У 1581 мястэчка Мінскага пав. У 1861 — 93 ж., 14 двароў, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Івянецкім, з 1962 — у Стаўбцоўскім, з 1956 — у Валожынскім, з 1970 — у Дзяржынскім р-нах. У 1970 — 277 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Успенскі касцёл (1751), сядзіба (19 ст.).

т. 4, с. 265

ВО́ЛМА,

вадасховішча ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма (бас. Дняпра); за 41 км ад вусця, за 16 км на З ад г. Чэрвень. Створана ў 1932. Пл. 0,87 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 3,1 м (1988). У выніку моцнага зарастання каля берагоў і заглейвання дна аб’ём вады зменшыўся з 1,25 да 0,62 млн. м³. Выкарыстоўваецца для рыбаводства і адпачынку, паблізу санаторый-прафілакторый «Волма».

А.​А.​Макарэвіч.

т. 4, с. 265

ВО́ЛМА,

гл. Валмянскае балота.

т. 4, с. 265

ВО́ЛМА-СЛОЎСТ,

гл. Валмянскае балота.

т. 4, с. 265

ВО́ЛТА,

рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 207 км². Выцякае з воз. Белае ў межах гідралагічнага заказніка Ельня, цячэ па зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна трапецападобная, у верхняй частцы невыразная. Пойма ў вярхоўях зліваецца з прылеглай мясцовасцю, у сярэднім і ніжнім цячэнні перарывістая. У верхнім цячэнні рэчышча каналізаванае.

т. 4, с. 265

ВО́ЛХАЎ,

рака ў Наўгародскай і Ленінградскай абласцях Расіі. Даўж. 224 км, пл. бас. 80,2 тыс. км². Выцякае з воз. Ільмень, цячэ па Прыільменскай нізіне, упадае ў Ладажскае воз. Сярэдні расход вады 593 м³/с. Суднаходная на ўсім працягу. Злучана каналамі з р. Мста, Нява, Сясь. Волхаў — частка Вышневалоцкай воднай сістэмы. ГЭС. На Волхаве — г. Ноўгарад, Кірышы, Волхаў, Новая Ладага.

т. 4, с. 265

ВО́ЛЧАК (Віктар Мацвеевіч) (22.4.1910, чыг. ст. Цінская, Краснаярскі край, Расія — 26.4.1985),

бел. архітэктар і педагог. Засл. арх. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 працаваў у Ташкенце; аўтар помніка Алішэру Наваі (1950, скульпт. Л.​Дзітрых) і інш. У 1953—59 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». У 1954—75 выкладаў у БПІ. З 1979 у ін-це «Мінскметропраект». Асн. работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкома (1958), Літ.музей Я.​Купалы (1959), помнікі Марату Казею (1958, скульпт. С.​Селіханаў), ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці (1959) у Мінску; воінам польск. дывізіі імя Т.​Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага р-на (1953); абеліскі ў гонар сав. воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1959, скульпт. Я.​Печкін). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.

т. 4, с. 265

ВО́ЛЧАК (Галіна Барысаўна) (н. 19.12.1933, Масква),

руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Школу-студыю імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі пры МХАТ (1955). З 1956 у Маскоўскім т-ры «Сучаснік» (з 1972 гал. рэжысёр). Характарная актрыса. Сярод роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Нюрка-Хлебарэзка («Вечна жывыя» В.​Рогава), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.​Олбі). Як рэжысёр асн. ўвагу аддае працы з акцёрамі, дамагаючыся сац. і псіхал. дакладнасці, яе спектаклі адметныя завостраным сцэн. малюнкам, сакавітымі камедыйнымі і драм. фарбамі: «Тры сястры» А.​Чэхава (1982), «Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна (1988), «Круты маршрут» паводле Я.​Гінзбург (1989), «Анфіса» Л.​Андрэева (1991), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1995). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1967.

т. 4, с. 266