Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕЗО́ННАЯ ХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, які вывучае атамныя сістэмы, дзе ядро атама заменена інш. дадатнай часціцай (напр., μ​+-мюонам, пазітронам) або электрон заменены інш. адмоўнай часціцай (напр., μ​ мюонам, π​- ці K​-мезонам). Узнікла ў 1960-я г. ў сувязі з даследаваннямі хім. рэакцый, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні мюонаў з рэчывам. З дапамогай М.х. атрымліваюць даныя аб размеркаванні электроннай шчыльнасці, крышталічнай і магн. структуры рэчыва, механізме і скорасці хім. рэакцый.

Асн. кірункі даследаванняў у М.х.: π​- і μ​ М.х., вывучэнне паводзін μ​+-мюона ў рэчыве і рэакцый мюонія. У π​- М.х. асн. з’яўляецца рэакцыя перазарадкі π​-мезона на пратонах π​ + p → n + π​0, імавернасць якой залежыць ад зараду ядра атама, з якім злучаны вадарод, тыпу сувязі паміж атамамі вадароду і інш., што дае магчымасць адрозніць хімічна звязаны вадарод ад свабоднага вадароду. У аснове μ​- М.х. ляжыць вымярэнне энергій і інтэнсіўнасцей асобных ліній у рэнтгенаўскіх спектрах мезаатамаў. Асаблівасці рэнтгенаўскага выпрамянення μ​-атамаў дазваляюць вызначыць элементны састаў узору, а таксама від хім. злучэння гэтых элементаў. μ​+-мюон і мюоній па сутнасці з’яўляюцца мечанымі атамамі, за рухам якіх можна сачыць ад моманту нараджэння да моманту распаду. Напр., лакальныя магн. палі ў крышталях узаемадзейнічаюць са спінам мюона і змяняюць карціну яго прэцэсіі, што дазваляе вывучаць характарыстыкі ўнутраных магн. палёў. На аснове вывучэння рэакцый мюонію робяць высновы аб рэакцыях атамарнага вадароду.

Літ.:

Кириллов-Угрюмов В.Г., Никитин Ю.П., Сергеев Ф.М. Атомы и мезоны. М., 1980;

Евсеев В.С., Мамедов Т.Н., Роганов В.С. Отрицательные мюоны в веществе. М., 1985.

т. 10, с. 259

МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],

нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявы барыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.

Прадказаны ў 1935 Х.Юкавай для тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10​−8 да 10​−24 с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 10, с. 259

МЕІ́Р (да 1956 Меерсан) Голда

(3.5.1898, Кіеў — 8.12.1978),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Жыла ў Кіеве і Пінску. З 1906 у ЗША. Працавала настаўніцай. Актывістка сіянісцкага рабочага руху. З 1921 у Палесціне, удзельнічала ў стварэнні кібуцаў. З 1924 прадстаўнік свайго кібуца ва Усеагульнай канфедэрацыі працы (Гістадруце), у 1928—31 сакратар Жаночага рабочага к-та Гістадрута. З пач. 1940-х г. працавала ў Паліт. аддзеле Яўр. агенцтва, выконвала розныя дыпламат. даручэнні агенцтва. У 1948—49 пасол Ізраіля ў СССР. З 1949 дэп. парламента (кнесета), у 1949—56 міністр працы і сац. забеспячэння, 1956—66 міністр замежных спраў. У 1966—68 ген. сакратар Рабочай партыі Ізраіля, з 1969 старшыня Ізраільскай партыі працы. У 1969—74 прэм’ер-міністр Ізраіля.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь: [Автобиография]. Чимкент, 1997.

т. 10, с. 259

М’ЕЙ, Мергуі,

астравы ў Андаманскім м., паблізу берагоў М’янмы, каля зах. ўзбярэжжа п-ва Малака. Больш за 800 астравоў і гранітных скал агульнай пл. каля 3,5 тыс. км². Выш. да 767 м. Узгоркі і нізкагор’і, укрытыя густымі трапічнымі лясамі, уздоўж узбярэжжаў — мангравыя лясы. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу.

т. 10, с. 260

М’ЕЙ, Мергуі,

горад на Пд М’янмы. Каля 400 тыс. ж. (1997). Порт на Андаманскім м. Цэнтр здабычы волава і вальфраму. Рыбалоўства, здабыча жэмчугу. Суднабудаванне.

т. 10, с. 260

МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),

рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.​Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.​Гейнэ, У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ, П.​Беранжэ, Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, Анакрэонта, Т.​Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.​Глінкай, П.​Чайкоўскім, А.​Барадзіным, М.​Мусаргскім, С.​Рахманінавым і інш.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1972;

Стихотворения. М., 1985.

т. 10, с. 260

МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),

амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац. рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.​Манро).

Т.​Я.​Камароўская.

т. 10, с. 260

МЕ́ЙСЕН (Meissen),

горад у Германіі, гл. Майсен.

т. 10, с. 260

МЕ́ЙСЕНСКІ ФАРФО́Р,

гл. Майсенскі фарфор.

т. 10, с. 260

МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн. псеўд. Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),

расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.​Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.​Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.​Вагнера).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 260