Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАДВО́Р’Е,

стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз. кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.

т. 11, с. 118

НАДВО́Р’Я КА́РТЫ,

тое, што сінаптычныя карты.

т. 11, с. 118

«Наддзвінне»

т. 18, кн. 1, с. 432

«НАДЕ́ЖДА»,

літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «I боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.

В.Г.Янчанка.

т. 11, с. 118

НАДЖМІ́ (сапр. Нежметдзінаў) Каві Гібятавіч

(15.12.1901, в. Красны Востраў Сечанаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 24.3.1957),

татарскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу ў Маскве (1922). Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Татарыі (1934—37). Друкаваўся з 1919. У ранніх апавяданнях, вершах і аповесці «Прыбярэжныя вогнішчы» (1929) адлюстраваны падзеі грамадз. вайны. Аповесці «Светлая сцежка» і «Першая вясна» (абедзве 1930) пра калектывізацыю, паэмы «Хаят апа» (1941) і «Фарыда» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар гіст.-рэв. рамана «Вясновыя вятры» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951).

Тв.:

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1957.

т. 11, с. 118

НАДЖМІ́ (сапр. Назмутдзінаў) Назар Назмутдзінавіч

(5.2.1918, в. Мінішты Дзюрцюлінскага р-на, Башкортастан — 6.9.1999),

башкірскі паэт. Нар. паэт Башкортастан (1992). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1947). У 1947—59 працаваў у друку. У 1962—69 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Башкірыі. Друкаваўся з 1937. Першая кніга — «Кропелькі» (1950). Зб-кам вершаў і паэм «Хвалі» (1955), «Нечаканы дождж» (1960), «Зямля і песня» (1962), «Дыханне» (1976), «Бакі» (1980), «Пакуль святло» (1984), «Бацькоўскі дом» (1988) і інш. уласцівы спалучэнне драм. напружання з тонкім лірызмам, фалькл. традыцый з дасягненнямі сучаснай паэзіі. Аўтар апавяданняў, п’ес «Вясновая песня» (1951), «Госць у суседзяў» (1974), кн. дарожных нататак «Індыйскія старонкі» (1960), мемуараў, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, тэкстаў песень і інш. Пераклаў на башкірскую мову вершы А.Пушкіна, М.Лермантава, Р.Гамзатава, К.Куліева і інш. Асобныя творы Н. на бел. мову пераклаў Ю.Свірка. Рэсп. прэмія Башкірыі імя С.Юлаева 1972, Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1982.

Тв.:

Рус. пер. — Приглашение другу. М., 1981;

Сосед по огню. М., 1985.

Р.З.Шакураў.

т. 11, с. 118

НАДЖЫБУЛА́ (Мухамед) (6.8.1947, Кабул — 27.9.1996),

афганскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Кабульскі ун-т (1975). З 1965 чл. Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), кіраваў нелегальным Дэмакр. саюзам студэнтаў. Чл. ЦК НДПА з 1977, Палітбюро ЦК з 1981. Пасля прыходу НДПА да ўлады (крас. 1978) старшыня яе Кабульскага к-та, пасол Афганістана ў Іране. У 1979—85 кіраўнік Службы дзярж. інфармацыі (дзяржбяспекі). З ліст. 1985 сакратар ЦК, з мая 1986 ген. сакратар ЦК НДПА, у 1990—92 — Партыі айчыны. У 1987—92 прэзідэнт Афганістана. Пасля вываду сав. войск узначаліў Вышэйшы савет абароны айчыны (1989—92). У крас. 1992 падаў у адстаўку, быў вымушаны хавацца ў прадстаўніцтве ААН у Кабуле. Пасля захопу талібамі (гл. Талібан) Кабула ў вер. 1996 пакараны смерцю.

т. 11, с. 119

НА́ДЗВІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Надзвін. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. 7,2 км² прымеркаваны да дэвонскіх адкладаў ( у іх разрэзе 2 саляносныя, падсалявыя і надсалявыя тоўшчы) на ПнУ Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных пластоў 2915—2939 м. Пароды-калектары — трэшчынна-порава-кавернавыя вапнякі і даламіты. Разведаныя запасы нафты 2,7 млн. т. Нафта маласярністая, смалістая, парафінавая.

А.П.Шчураў.

т. 11, с. 119

НАДЗВЫЧА́ЙНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

законы, якія прымаюцца на выпадак якіх-н. асаблівых абставін і надаюць кіраўніку дзяржавы асобыя паўнамоцтвы. Наданне такіх паўнамоцтваў (у т. л. ўстанаўленне прававых норм, якія ў звычайных абставінах выканаўчая ўлада не мае права выдаваць, прыпыняць дзеянне асобных законаў і да т.п.) можа адбывацца ва ўмовах надзвычайнага становішча (або ваен. становішча). Напр., выкарыстана для ўстанаўлення фаш. рэжымаў у Германіі (1933), Іспаніі (1939), дыктатуры хунты Піначэта у Чылі (1970—80-я г.). Як нормы Н.з. належыць разглядаць і стварэнне ў СССР у 1930-х г. надзвычайных суд. устаноў — «троек» НКУС (іх стварэнне адбылося ў звычайных умовах).

т. 11, с. 119

НАДЗВЫЧА́ЙНАЕ СТАНО́ВІШЧА,

асобы рэжым дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, які дазваляе ўстаноўленыя спец. законам абмежаванні правоў і свабод грамадзян, правоў юрыд. асоб, а таксама ўскладанне на іх дадатковых абавязкаў. Уводзіцца звычайна ў выпадках буйных грамадскіх беспарадкаў, унутр. узбр. канфліктаў, а таксама стыхійных бедстваў і тэхнал. катастроф. У Рэспубліцы Беларусь, паводле дзеючай Канстытуцыі, адрозніваюцца ўласна Н.с. і ваеннае становішча. Пры неабходнасці гэтыя рэжымы ўводзяцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з унясеннем прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 119