Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«КРЕСТЬЯ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

перыядычнае выданне; орган выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. Выдавалася ў чэрв.ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 2—3 разы ў тыдзень. З 20 нумара наз. «Крестьянская газета «Земля и воля». У склад рэдакцыі да канца ліп. ўваходзілі; адказны рэдактар М.​Фрунзе, І.​Макрэеў, Д.​Фейнберг (сакратар). Публікавала справаздачы і рэзалюцыі губ. і пав. з’ездаў сял. дэпутатаў, пастановы сялянскіх сходаў, пісьмы чытачоў і інш. Асвятляла паліт. становішча ў краіне, мясц. падзеі. Імкнулася растлумачыць сутнасць агр. палітыкі ў вёсцы, заклікала ствараць зямельныя камітэты. У перыяд знаходжання ў рэдакцыі Фрунзе змяшчала матэрыялы бальшавіцкага кірунку. У жніўні яе рэдактарам стаў адзін з мясц. лідэраў партыі эсэраў І.​Несцераў. Пасля падзей, звязаных з бальшавіцкім выступленнем 3—5.7.1917, асуджэнне якога прагучала на старонках газеты, значнае месца пачалі займаць ідэалаг. матэрыялы, скіраваныя супраць бальшавікоў (арт. К.​Брэшка-Брашкоўскай, В.​Чарнова і інш.). Выйшла 39 нумароў.

Літ.:

Калмыков А.Г. М.В. Фрунзе на посту редактора «Крестьянской газеты» // Рабочий класс России. его союзники и политические противники з 1917 г.: Сб. науч. тр Л., 1989.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 8, с. 473

КРЖЫЖАНО́ЎСКІ (Глеб Максімілянавіч) (24.1.1872, г. Самара, Расія — 31.3.1959),

дзеяч рэв. руху ў Расіі, сав. дзярж. дзеяч, вучоны-энергетык. Акад. АН СССР (1929). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1894). З 1891 займаўся рэв. дзейнасцю. Адзін з арганізатараў Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895). У снеж. 1895 арыштаваны, сасланы на 3 гады ў Сібір. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1920 старшыня Дзярж. камісіі па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО). У 1921—30 старшыня Дзяржплана СССР, адначасова (1927—30) старшыня К-та па стандартызацыі пры Савеце працы і абароны. Адзін з пачынальнікаў буд-ва ў СССР вял. электрастанцый — Дняпроўскай, Зуеўскай, Свірскай, Кашырскай, у Беларусі — 1-й Белдрэс. З 1930 старшыня Галоўэнерга Наркамцяжпрама СССР, у 1932—36 нам. наркома асветы РСФСР. У 1929—39 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Аўтар прац па комплекснай энергетыцы, электрыфікацыі, тэорыі і практыцы планавання.

т. 8, с. 473

КРЛЕ́ЖА ((Krleža) Міраслаў) (7.7.1893, г. Заграб, Харватыя — 29.12.1981),

харвацкі пісьменнік, публіцыст. Скончыў ваен. акадэмію ў Будапешце. З 1947 віцэ-прэзідэнт Паўднёваславянскай акадэміі навук і мастацтваў (г. Заграб). Друкаваўся з 1914. Праблемы светабудовы, веры, мастацтва ў сімволіка-алегарычных легендах «Маскарад», «Легенда» (абедзве 1914), «Кралева» (1915), «Крыстафор Калумб» (1918), «Мікеланджэла Буанароці» (1919). Услаўленне зямнога быцця ў паэмах «Пан» і «Тры сімфоніі» (абедзве 1917). Зб-кі «Вершы» (т. 1—3, 1918—19), «Лірыка» (1919), цыклы антымілітарысцкіх навел «Харвацкі бог Марс» (1922), «Тысяча і адна смерць» (1933), драма «Галіцыя» (1922) прысвечаны падзеям 1-й сусв. вайны. Сац., духоўная і псіхал. біяграфія некалькіх пакаленняў харватаў у раманах «Вяртанне Філіпа Лацінавіча» (1932), «На мяжы розуму» (1938), «Банкет у Блітве» (т. 1—3, 1938—62), «Сцягі» (т. 1—5, 1962—69), «Дзённік» (т. 1—5, 1977). Аўтар цыкла сямейна-быт. драм «Паны Глямбаевы» (1928—32), стылізаваных пад старадаўнюю паэзію «Балад Петрыцы Керампуха» (1936), артыкулаў, эсэ, мемуараў, дарожных нататак. Гал. рэдактар «Энцыклапедыі Югаславіі».

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1967;

Избранное. М., 1980.

Г.​П.​Тварановіч.

т. 8, с. 473

КРМАН ((Krman) Даніэль) (28.8.1663, в. Амшэне, Славакія — 23.9.1740),

славацкі рэліг. і грамадскі дзеяч, падарожнік. Вучыўся ў Браціславе, Лейпцыгу, Вітэнбергу. Выкладаў у славацкіх навуч. установах. Уваходзіў у склад пратэстанцкага пасольства да шведскага караля Карла XII, якога суправаджаў у паходах 1708—09. Аўтар дзённіка на лац. мове, у якім апісаў гаспадарку, культуру, прыродныя і нац. асаблівасці Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы, даў звесткі пра Палтаўскую бітву 1709 і інш. У 1729—40 адбываў пажыццёвае зняволенне ў Браціславе. Пакінуў вял. літ. спадчыну.

т. 8, с. 474

КРОВАЗАМЕ́ННЫЯ ВА́ДКАСЦІ, кровазаменнікі,

фармакалагічныя, лекавыя сродкі, якія прызначаны для папаўнення дэфіцыту крыві ў арганізме. Выкарыстоўваюцца для рэканструкцыі і выканання фізіял. функцый крыві, атрымання самастойнага лекавага эфекту. Падзяляюцца на прыродныя і сінт.; гемадынамічныя (процішокавыя) — на аснове жэлаціны, крухмалу, плазмы і бялкоў крыві, сярэднемалекулярнага дэкстрану; гемарэалагічныя — на аснове крухмалу, нізкамалекулярнага дэкстрану; дэзінтаксікацыйныя — на аснове полівінілпіралідону, полівінілавага спірту; рэгулятары кіслотна-шчолачнага і водна-салявога стану — салявыя растворы, прэпараты на аснове шмататамных спіртоў, прэпараты і растворы глюкозы; вадкасці, якія павышаюць кісларод-транспартную функцыю крыві — прэпараты і растворы гемаглабіну, крыві і эрытрацытаў; поліфункцыянальныя, на аснове сярэднемалекулярнага дэкстрану — неарандэкс і рондферын (распрацаваны і вырабляюцца на Беларусі). Да К.в. адносяць таксама прэпараты для парэнтэральнага харчавання на аснове амінакіслот, прадуктаў гідролізу бялкоў плазмы крыві, растворы глюкозы, тлушчавыя эмульсіі.

У.​Н.​Гапановіч.

т. 8, с. 474

КРОВАЗВАРО́Т,

цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.​Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 474

КРОВАЗМЯШЭ́ННЕ, інцэст,

палавая сувязь паміж блізкімі сваякамі (бацькам і дзецьмі, братамі і сёстрамі). Пры К. магчыма сустрэча аднолькавых паталаг. генаў (чым бліжэй кроўная роднасць бацькоў, тым больш слабае фізічна і непаўнацэннае псіхічна іх патомства). Верагоднасць генет. (прыроджаных) дэфектаў ці разумовай адсталасці ў звычайным шлюбе 3—4%, пры К. павялічваецца ў 5 разоў. У большасці краін свету кроўныя шлюбы і палавая сувязь паміж блізкімі сваякамі забаронены.

т. 8, с. 474

КРОВАПАРАЗІ́ТЫ,

арганізмы, у якіх асобныя стадыі жыццёвага цыкла праходзяць у плазме або клетках крыві пазваночных жывёл і чалавека. Пашыраны пераважна ў краінах з гарачым і ўмераным кліматам. Да К. адносяцца: узбуджальнікі малярыі ў чалавека і жывёл (плазмодыі), у птушак (лейкацытазоан, гемапратэус, эгіптыянела); узбуджальнікі захворванняў свойскіх жывёл (піраплазмы, тэйлерыі, анаплазмы), паразіты лейкацытаў чалавека і многіх жывёл — таксаплазмы, гемагрэгарыны. Да паразітаў плазмы крыві адносяць узбуджальнікаў трыпанасамозаў, якія выклікаюць цяжкія хваробы ў чалавека (сонная хвароба, хвароба Шагаса), некаторых шматклетачных — шыстасомаў, або крывяных двухвуснавак — узбуджальнікаў шыстастаматозаў (гельмінтозаў). У крыві паразітуюць таксама некаторыя гельмінты — нематоды і трэматоды. Гл. таксама Таксаплазмоз.

т. 8, с. 474

КРОВАПУСКА́ННЕ,

выдаленне пэўнай колькасці крыві (200—400 мл) з крывянога рэчышча ў лек. мэтах. Робяць пры цяжкіх гіпертанічных крызах (зніжае крывяны ціск), сардэчнай недастатковасці (зніжае прыток крыві да сэрца), ацёку лёгкіх, некат. хваробах крыві, урэміі, атручэннях, таксікозах цяжарнасці і інш. Робяць пракол ці разрэз вены (радзей артэрыі) або з дапамогай п’явак.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 474

КРОВАСПАРАВІКІ́,

падатрад прасцейшых жывёл, гл. Гемаспарыдыі.

т. 8, с. 474