КРОВАПАРАЗІ́ТЫ,

арганізмы, у якіх асобныя стадыі жыццёвага цыкла праходзяць у плазме або клетках крыві пазваночных жывёл і чалавека. Пашыраны пераважна ў краінах з гарачым і ўмераным кліматам. Да К. адносяцца: узбуджальнікі малярыі ў чалавека і жывёл (плазмодыі), у птушак (лейкацытазоан, гемапратэус, эгіптыянела); узбуджальнікі захворванняў свойскіх жывёл (піраплазмы, тэйлерыі, анаплазмы), паразіты лейкацытаў чалавека і многіх жывёл — таксаплазмы, гемагрэгарыны. Да паразітаў плазмы крыві адносяць узбуджальнікаў трыпанасамозаў, якія выклікаюць цяжкія хваробы ў чалавека (сонная хвароба, хвароба Шагаса), некаторых шматклетачных — шыстасомаў, або крывяных двухвуснавак — узбуджальнікаў шыстастаматозаў (гельмінтозаў). У крыві паразітуюць таксама некаторыя гельмінты — нематоды і трэматоды. Гл. таксама Таксаплазмоз.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)