КРОВАЗВАРО́Т,
цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)