Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРО́ЎЧЫНА,

вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля аднайм. вадасховішча. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 24 км на ПдЗ ад г.п. Дрыбін, 44 км ад Магілёва, 34 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1022 ж., 388 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 8, с. 90

КАРО́ЎЧЫНА,

вадасховішча ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Кароўчына. Створана на р. Касінка ў 1981. Пл. 0,47 км², даўж. 2,5 км, найб.

шыр. 300 м, найб. глыб. 8,6 м, аб’ём вады 1,42 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 3 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 7,6 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбагадоўлі і воднага добраўпарадкавання.

т. 8, с. 90

КАРП,

рыба сям. карпавых, культурная форма сазана (Cyprinus carpio). Расселены ўсюды ў прэсных вадаёмах. Карпаводства ўзнікла ў Стараж. Кітаі. У Еўропе селекцыя вядзецца з часоў Стараж. Рыма. Зыходная форма свойскага К. — дунайскі К. Сярод парод свойскага К. адрозніваюцца К. лускаваты, люстраны, рамчаты, голы і інш.

Даўж. да 1 м, маса да 16, зрэдку да 30 кг. Колер спіны звычайна чарнавата-зялёны, бакі жоўтыя з зеленаватым адлівам, бруха белаватае. Вочы залацістыя. Спінны плаўнік доўгі. Луска буйная, авальная. Рог з тоўстымі губамі. Нераст вясной. Корміцца планктонам, бентасам, воднымі раслінамі. Асн. аб’ект сажалкавага і басейнавага рыбаводства.

Карп: 1 — дунайскі люстраны; 2 — люстраны дунайскі.

т. 8, с. 91

КАРП (Сяргей Бенядзіктавіч) (1892, г.п. Астравец Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 чл. яўр. с.-д. партыі, уваходзіў у яе кіруючыя органы, з 1921 чл. КПСС. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на сав. і гасп. рабоце. З 1919 па заданні Цэнтр. бюро яўр. секцыі пры ЦК РКП(б) ствараў левыя арг-цыі «Паалей Цыёна» ў Аўстрыі, Егіпце, Палесціне. З 1924 нарком фінансаў, у 1925—29 нам. старшыні СНК, адначасова да лют. 1927 старшыня Дзяржплана, потым ВСНГ БССР. З 1929 старшыня Дзяржплана РСФСР. Чл. ЦВК БССР у 1922—29. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—29. 10.7.1937 арыштаваны органамі НКУС СССР, асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

Я.​С.​Фалей.

т. 8, с. 91

КАРПАГО́Н (ад грэч. karpos плод + gonos семя),

жаночы палавы орган чырв. водарасцей. Мае бутэлькападобную форму; складаецца з ніжняй (брушной) ч. і вузкай верхняй (трыхагіны). Пасля апладнення яйцаклеткі трыхагіна адмірае, а ў брушной ч. ўтвараюцца карпаспоры, якія могуць размяшчацца на канцах клетачных нітак, што вырастаюць з яйцаклеткі.

т. 8, с. 91

КАРПАЕ́ДЫ, карпавыя вошы (Branchiura),

атрад ракападобных. 130 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны, або рыбіна вош (Argulus foliaceus), і К. японскі (A. japonicus). Крывасмокі. Паразітуюць на скуры, плаўніках, шчэлепах і ў ротавай поласці карпавых і ласасёвых рыб.

Даўж. да 30 мм. Цела шырокае, авальнае, пляскатае, шаравата-зялёнае. Пярэдняя ч. цела ўкрыта шчытком (карапаксам). Маюць смактальны хабаток, 4 пары двухгалінастых плавальных канечнасцей. Раздзельнаполыя.

Карпаеды: 1 — рыбіна вош (а — выгляд спераду; б — знізу); 2 — японскі.

т. 8, с. 91

КАРПАЛО́ГІЯ (ад грэч. karpos плод + ...логія),

раздзел марфалогіі раслін, які вывучае плады і насенне, іх марфагенез, будову, фізіял. працэсы, метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу і інш. Займаецца стварэннем генет. класіфікацыі, складаннем вызначальнікаў пладоў і насення раслін, якія засмечваюць насенны матэрыял. Насенне культ. раслін вывучае таксама насенняводства.

т. 8, с. 91

КАРПА́Н (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 6.11.1953, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. мастак; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979), выкладае ў ім (з 1983). Творчасці ўласцівы дакладная распрацоўка кампазіцыі, выразная рытмічнасць, каларыстычная гармонія, вытанчанасць і пластычнасць жывапіснай формы. Працуе ў жанрах нацюрморта («Кветка папараці», 1983; «Нацюрморт з фіялкамі», 1986; «Старыя самавары», нізка «Кветкі», усе 1988; «Нацюрморт з самаварам», 1989; «Шкло і вінаград», 1990; «Вэнджаная рыба», 1993; «Памяці Вівальдзі», 1995; «Нацюрморт з дыняй», 1997), партрэта («Маці», 1981; «Юнацтва», 1987), пейзажа («Сілуэты Нінбурга», 1988; «Пейзаж са старой царквой», 1990; «Элегія», 1992; «Пачатак зімы», 1995).

М.​Л.​Цыбульскі.

А.Карпан. Нацюрморт з самаварам. 1989.

т. 8, с. 91

КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),

атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.

т. 8, с. 91

КАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. corporatio аб’яднанне),

таварыства, саюз, сукупнасць асоб, аб’яднаных на аснове цэхавых, каставых, саслоўных, прафес., камерцыйных і інш. інтарэсаў (напр., навук. К., спарт. К. і інш.). К. — вельмі пашыраная ў развітых краінах форма арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, якая прадугледжвае канцэнтрацыю функцый кіравання ў руках менеджэраў, што працуюць па найме; адпавядае акцыянернаму таварыству.

т. 8, с. 91