КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),
атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.
т. 8, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)