КАРП,
рыба сям. карпавых, культурная форма сазана (Cyprinus carpio). Расселены ўсюды ў прэсных вадаёмах. Карпаводства ўзнікла ў Стараж. Кітаі. У Еўропе селекцыя вядзецца з часоў Стараж. Рыма. Зыходная форма свойскага К. — дунайскі К. Сярод парод свойскага К. адрозніваюцца К. лускаваты, люстраны, рамчаты, голы і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 16, зрэдку да 30 кг. Колер спіны звычайна чарнавата-зялёны, бакі жоўтыя з зеленаватым адлівам, бруха белаватае. Вочы залацістыя. Спінны плаўнік доўгі. Луска буйная, авальная. Рог з тоўстымі губамі. Нераст вясной. Корміцца планктонам, бентасам, воднымі раслінамі. Асн. аб’ект сажалкавага і басейнавага рыбаводства.
т. 8, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)