Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТА́ЛІЯ, Фалія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі: 1) адна з 9 муз, апякунка камедыі. Лічылася дачкой Зеўса і Мнемасіны. Стараж. грэкі ўяўлялі яе прыгожай жанчынай з камічнай маскай у руцэ і вянком з плюшчу на галаве.

2) Адна з харыт.

3) Адна з нерэід.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 404

ТАЛКАЧО́ВА Галіна Сямёнаўна (н. 3.3.1934, Мінск),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных роляў. Творчасць Т. адметная паглыбленым псіхалагізмам, дэталёвай распрацоўкай знешняга малюнка ролі, яркай тэатр. формай. Ролі ў бел. рэпертуары: Інга, Лена («Выклік багам», «Начное дзяжурства» А.​Дзялендзіка), Зося («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка). Шэраг яркіх вобразаў стварыла ў сучасным рэпертуары: Кэт («Чацвёрты» К.​Сіманава), Наташа («Яшчэ раз пра каханне» Э.​Радзінскага), Ніна («Гросмайстарскі бал» паводле І.​Штэмлера), Ліза Хрэнава («Традыцыйны збор» В.​Розава), Марыя («Святая святых» І.​Друцэ). Сярод інш. роляў: Ірына, Гурмыжская («Апошняя ахвяра», «Лес» А.​Астроўскага), Насця («На дне» М.​Горкага), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Амелія («Смерць ваяводы» Ю.​Славацкага), Дзяўчына, Зехра («Забыты ўсімі», «Дзівак» Назыма Хікмета), Голда («Памінальная малітва» Р.​Горына), Мелі («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Жанчына («Тая, якая сама па сабе блукае» паводле Р.​Кіплінга), Элеанора («Месье Амількар, альбо Чалавек, які плаціць» І.​Жаміяка), Эліда («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Івона («Жудасныя бацькі» Ж.​Както). Яна («Апошні закаханы» Н.​Саймана).

Літ.:

Чаркас І. Каб сказаць сваё, запаветнае // Тэатр. Мінск. 1984. № 1.

Г.​Г.​Бордусава.

Г.С.Талкачова.
Г.Талкачова ў ролі Голды.

т. 15, с. 404

ТАЛКАЧО́ВА Ларыса Сямёнаўна (н. 1.2.1939, г. Самара, Расія),

бел. піяністка, канцэртмайстар. Дачка С.Л.Талкачова. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. кансерваторыю (1961, кл.

Р.​Шаршэўскага, Э.​Тырманд). З 1961 канцэртмайстар Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы опер В.​А.​Моцарта («Дон Жуан», «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта»), Дж.​Расіні («Севільскі цырульнік», «Шлюбны вэксаль»), Дж.​Пучыні («Тоска», «Багема»), П.​Чайкоўскага («Пікавая дама»), С.​Танеева («Арэстэя») і інш.; вяла канцэртную дзейнасць з вядучымі салістамі т-ра.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 15, с. 404

ТАЛКАЧО́Ў Міхаіл Фёдаравіч (30.6.1922, в. Дуброўка Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 10.11.1998). Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Пензенскае артыл. вучылішча (1942),

Ленінградскую вышэйшую афіцэрскую школу артылерыі (1948). У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 на Паўн., Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Удзельнік баёў у Цвярской вобл., на тэр. Літвы, Польшчы, Германіі. Батарэя асобнага знішчальна-процітанк. дывізіёна на чале з Т. вызначылася 22.4.1945 у баях на подступах да Берліна: падраздзяленне прасунулася ў тыл ворага, перарэзала шашу, не дазволіла рэзервам праціўніка прарвацца да Берліна (знішчыла шмат гітлераўцаў, баявой тэхнікі, у т. л. 3 дальнабойныя гарматы). Удзельнік штурму рэйхстага, Парада Перамогі ў Маскве. Да 1972 у Сав. Арміі.

М.Ф.Талкачоў.

т. 15, с. 404

ТАЛКАЧО́Ў Сямён Львовіч (29.5.1907, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 7.8.1970),

бел. піяніст. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). З 1931 працаваў у Ленінградзе, Іркуцку, Куйбышаве. З 1938 канцэртмайстар, з 1943 гал. канцэртмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Свабодная арыенціроўка ў партытуры, дасканалае валоданне фп. і веданне прыроды чалавечага голасу павышалі муз. ўзровень спектакляў, падрыхтаваных з яго ўдзелам.

І.​Г.​Нісневіч.

С.Л.Талкачоў.

т. 15, с. 404

ТАЛКАЧО́Ў Яўген Аркадзевіч (н. 5.8.1945, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (2000). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па квантавай тэорыі, гісторыі і метадалогіі навукі, праблемах выкладання фізікі. Высветліў ролю тапалагічных эфектаў у дынаміцы класічных і квантавых сістэм на аснове алг. і геам. метадаў. Даследаваў заканамернасці працэсу ўспрымання новых ведаў рознымі сац. аб’ектамі і механізм пранікнення фіз. ведаў у агульнаадук. сферу на розных яе ўзроўнях. Адзін з аўтараў эксперым. навуч. камплекта для сярэдняй школы і агульнаадук. стандарта па фізіцы.

Тв.:

Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.​В.​Бярэзіным, Ю.​А.​Курачкіным);

Формирование адекватного образа науки как необходимый элемент гуманитарного образования. Мн., 1996 (разам з В.​І.​Дыніч. Л.​М.​Тамільчыкам).

А.​І.​Болсун.

т. 15, с. 404

ТАЛКУНО́ВА Валянціна Васілеўна (н. 12.7.1946, г. Армавір Краснадарскага краю. Расія),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. Расіі (1987). З 1966 на сцэне. З 1973 салістка Масканцэрта. З 1987 маст. кіраўнік створанага ёю Маскоўскага т-ра муз. драмы і песні. Першая выканаўца прысвечаных ёй песень і вак. цыклаў, манаоперы «Рускія жанчыны» І.​Катаева на вершы М.​Някрасава. У рэпертуары таксама рус. нар. песні. 1-я прэмія на Усесаюзным тэлеконкурсе «З песняй па жыцці» (1973).

Л.​А.​Шымановіч.

т. 15, с. 405

ТАЛМУ́Д (стараж.-яўр., літар. — вывучэнне),

збор дагматычных рэлігійна-этычных і прававых палажэнняў іудаізму, складзены ў 4 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. Пачатак яго стварэнню паклалі іудзейскія законавучыцелі (танаі), якія займаліся тлумачэннем Пяцікніжжа. Іх вусныя і пісьмовыя тлумачэнні Торы атрымалі назву Мішна (паўтор, другі закон). Збор тлумачэнняў Мішны пад назвай Гемара (дапаўненне) разам з самой Мішнай склалі Т. Тлумачэнні Мішны зроблены ў Палесціне і ў Вавілоніі, таму адрозніваюць 2 варыянты Т. — палесцінскі, або іерусалімскі, і вавілонскі. У Т. разам з рэліг. і грамадзянскім законамі змешчаны міфы, легенды, фальклор, а таксама звесткі па матэматыцы, геаграфіі, прыродазнаўстве, медыцыне, гісторыі і інш. навуках. Першае поўнае выданне Т. — Т. вавілонскі надрукаваны ў 1520—23 у Венецыі ў друкарні Д.​Бомберга. На Беларусі Т. вядомы з канца 14 ст., калі тут заснаваны першыя яўр. абшчыны.

т. 15, с. 405

ТАЛО́М,

вегетатыўнае цела ніжэйшых раслін, тое, што слаявіна.

т. 15, с. 405

ТАЛО́ЧКА Мікалай Канстанцінавіч (н. 1.1.1951, ст. Баравуха 1-я Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (2000). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1976 у Ін-це тэхн. акустыкі Нац. АН Беларусі (з 1991 заг. лабараторыі, з 1999 нам., з 2002 в.а. дырэктара). Адначасова ў 1996—2000 у Віцебскім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы і тэхналогіі працэсаў крышталізацыі і спякання, лазернай апрацоўцы матэрыялаў. Распрацаваў метады вырошчвання нелінейных аптычных крышталёў, фіз. асновы селектыўнага лазернага спякання парашкоў, тэарэт. абгрунтаваў кластэрны механізм зародкаўтварэння і росту крышталёў.

Тв.:

Методы выращивания кристаллов из растворов. Мн., 1991 (разам з У.​У.​Клубовічам);

Вторичное зародышеобразование в растворах. Мн., 1992 (з ім жа).

т. 15, с. 405