Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДГА́ЙСКІ (Анатоль Сяргеевіч) (27.8.1946, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1982),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Сярдобава). З 1972 саліст канцэртна-эстр. аркестра Дзяржтэлерадыё Беларусі, з 1974 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вызначалася шчырасцю, цеплынёй. Рэпертуар уключаў творы класічнай і сучаснай музыкі. Прапагандаваў нац. музыку, аддаваў перавагу творам грамадз.-патрыят. накіраванасці, у т.л. песням У.Алоўнікава, А.Багатырова, Ю.Семянякі, І.Лучанка, Л.Захлеўнага, В.Іванова, У.Будніка. Сярод найб. значных работ: партыі Кузьміча (тэлеварыянт оперы «У пушчах Палесся» Багатырова), Міканора (радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова), Кастуся Каліноўскага (радыёварыянт аднайм. оперы Дз.Лукаса).

А.Я.Ракава.

т. 11, с. 492

ПАДГА́ЙСКІ (Леанід Пракопавіч) (25.11.1934, С.-Пецярбург — 4.8.1980),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1966), д-р пед. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962), з 1968 працаваў у гэтым ін-це (з 1974 дэкан філал. ф-та, з 1978 прарэктар). Даследаваў сінтаксіс бел. мовы. Аўтар і сааўтар падручнікаў па бел. мове для пачатковых класаў і метадычных дапаможнікаў па выкладанні бел. мовы ў школе.

Тв.:

Словазлучэнне ў беларускай мове: Дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні з акалічнаснымі адносінамі. Мн., 1971;

Вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах: Граматыка, правапіс, развіццё мовы Мн., 1975;

Методыка беларускай мовы: (Граматыка і правапіс). 1—3 кл. Мн., 1981.

І.К.Германовіч.

т. 11, с. 492

ПАДГА́ЛЛЕ,

вёска ў Засінцаўскім с/с Ельскага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 52 км на ПдЗ ад г. Ельск, 229 км ад Гомеля, 38 км ад чыг. ст. Славечна. 304 ж., 116 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 492

ПАДГО́Н,

1) слабаразвітыя парасткі збожжавых культур (жыта, пшаніцы, ячменю і інш.), якія ўтвараюцца з вузла кушчэння пазней за асн. парасткі. Адстае ў развіцці, выспявае пазней, дае дробнае зерне або зусім не ўтварае суквеццяў (недагон або падсед); узнікае двух’яруснасць пасеваў. Гэта абцяжарвае збор ураджаю, зніжае яго якасць.

2) Ніжні ярус травастою на лугах і пашах, пустазелля збожжавых культур.

3) Сукупнасць дрэвавых і кустовых раслін, якія ўводзяць у дрэвастой лесу для паскарэння росту ў вышыню і паляпшэння формы ствалоў асн. пароды. На П. выкарыстоўваюць хуткарослыя расліны (бярозу, ляшчыну і інш.).

У.П.Пярэднеў.

т. 11, с. 493

ПАДГО́РНАЯ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Лахазва. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса. За 43 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 179 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Лясная. 810 ж., 379 двароў (2000). Лясніцтва, рыбаўчастак «Азёрны». Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Антоніеўская царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 493

ПАДГО́РНЫ (Мікалай Віктаравіч) (18.2.1903, г. Карлаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 11.1.1983),

украінскі і расійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1963, 1973). Скончыў Кіеўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1931). У 1931—39 на інж. пасадах у цукр. прам-сці Украіны, у 1939—42 і 1944—46 на кіруючых пасадах у наркаматах харч. прам-ці СССР і Украіны (у 1942—44 дырэктар Маскоўскага тэхнал. ін-та харч. прам-сці). Пастаянны прадстаўнік урада Украіны пры ўрадзе СССР з 1946. 1-ы сакратар Харкаўскага абкома (1950—53), 2-і (1953—57), 1-ы (1957—63) сакратар ЦК Кампартыі Украіны. Сакратар ЦК КПСС (1963—65). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1965—77).

т. 11, с. 493

ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski- Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),

польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Гайдук, М.Кавыль, А.Лойка, Я.Семяжон.

Тв.:

Wybór poezji. Warszawa, 1960;

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.

А.В.Мальдзіс.

т. 11, с. 493

ПАДГРУ́ЗДКІ,

група шапкавых грыбоў сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: белы, або сухар (Russula delica), чорна-белы (R. albonigra), чорны, або свіння (R.adusta). У лясах трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 15 см, пукатая, потым лейкападобная, белая, брудна-белая, бурая ці амаль чорная. Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка даўж. да 4 см, роўная ці слаба звужаная ў нізе, шчыльная. Мякаць белая, шчыльная. Споры яйцападобныя, бясколерныя. Ядомыя.

Падгруздак белы.

т. 11, с. 493

ПАДГРЫ́Б,

тое, што польскі грыб.

т. 11, с. 493

ПАДДАВА́ШКІН (Аляксандр Васілевіч) (25.9.1919, ст. Карпава Адэскай вобл., Украіна — 23.1.1976),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Палтаўскае танк. вучылішча (1943), Вышэйшую афіцэрскую бранятанк. школу (1947). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Паўд., Паўн.-Каўказскім, 1-м і 2-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір танк. роты лейтэнант П. вызначыўся 24.4.1945 у час Берлінскай аперацыі. Да 1967 у Сав. Арміі.

А.В.Паддавашкін.

т. 11, с. 493