ПАДГА́ЙСКІ (Анатоль Сяргеевіч) (27.8.1946, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1982),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Сярдобава). З 1972 саліст канцэртна-эстр. аркестра Дзяржтэлерадыё Беларусі, з 1974 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вызначалася шчырасцю, цеплынёй. Рэпертуар уключаў творы класічнай і сучаснай музыкі. Прапагандаваў нац. музыку, аддаваў перавагу творам грамадз.-патрыят. накіраванасці, у т. л. песням У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Ю.​Семянякі, І.​Лучанка, Л.​Захлеўнага, В.​Іванова, У.​Будніка. Сярод найб. значных работ: партыі Кузьміча (тэлеварыянт оперы «У пушчах Палесся» Багатырова), Міканора (радыёопера «Барвовы золак» К.​Цесакова), Кастуся Каліноўскага (радыёварыянт аднайм. оперы Дз.​Лукаса).

А.​Я.​Ракава.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)