складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.
Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб. колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.
насычэнне (дыфузіяй) паверхні стальных або чыгунных вырабаў адначасова азотам і вугляродам з газавага асяроддзя. Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць, вынослівасць, часам каразійную трываласць матэрыялаў.
Робіцца пераважна ў шахтавых ці муфельных (гл.Муфель) печах. у асяроддзі прыроднага газу і аміяку. Бывае нізкатэмпературная (адбываецца пры т-ры 500—700 °C) і высокатэмпературная (пры 840—930 °C). Дыфузійны слой, утвораны пры Н., мае таўшчыню 0,25—1,5 мм, па будове і ўласцівасцях ён падобны на слой, атрыманы пры цыянаванні.
эмалевыя фарбы на аснове нітралакаў. Утвараюць дэкар. пакрыцці (напр., «малатковыя», з люстраным бляскам). Наносяць на слой алкіднай ці фенола-алейнай грунтоўкі (гл.Лакафарбавыя пакрыцці), пры пнеўматычным распыленні высыхаюць за 15—30 мін (пры пакаёвай т-ры). Выкарыстоўваюць для афарбоўкі металу (аўтамабілі, прыборы, станкі), дрэва (кухонная і мед. мэбля), тканіны і скуры.
арганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле 1 або 2 нітрозагрупы (-N=O), звязаныя з атамам вугляроду арган. радыкала, R-N=O. Звычайна Н. — раўнаважная сумесь манамераў і дымераў. Для дымераў характэрна геаметрычная ізамерыя; у дымерных Н. традс-ізамеры больш стабільныя.
У індывід. стане большасць Н. знаходзіцца ў дымернай форме. Наяўнасць электронаакцэптарных груп у радыкале Н. прыводзіць да існавання толькі манамераў (напр., нітрозатрыхлорметан CCl3NO). Манамерныя Н. — газы або вадкасці блакітнага ці зялёнага колеру, дымерныя — бясколерныя крышталі [напр., нітрозаметан, дымер (CH3NO)2]. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, амінакіслот, гетэрацыклічных злучэнняў, лек. прэпаратаў, эластамераў (фторкаўчуку). Некаторыя Н. з’яўляюцца канцэрагеннымі і мутагеннымі рэчывамі.
хімічныя злучэнні азоту з больш электрададатнымі элементамі, пераважна з металамі; адносяцца да металідаў.
Большасць Н. цвёрдыя крышт. рэчывы. Паводле тыпу хім. сувязі Н. падзяляюць на іонныя, кавалентныя і металападобныя (з пераважна метал. сувяззю). Іонныя (Н. шчолачных і шчолачназямельных металаў) маюць саставы. што адпавядаюць звычайным валентным суадносінам (напр.. Н. літыю Li3N, магнію Mg2N3), раскладаюцца вадой з вылучэннем аміяку. Да кавалентных адносяцца Н. бору (гл.Бору злучэнні), крэмнію Si3N4, а таксама алюмінію (гл.Алюмінію злучэнні), індыю і галію; хімічна вельмі ўстойлівыя, дыэлектрыкі ці паўправаднікі з шырокай забароненай зонай. Металападобныя — Н. пераходных металаў (тытану TiN, цырконію ZrN, малібдэну Mo2N і інш.), маюць высокія т-ры плаўлення (каля 3000 °C) і цвёрдасць, хімічна вельмі ўстойлівыя, добрыя праваднікі. Утвараюцца пры азатаванні. Атрымліваюць Н. з элементаў пры высокіх т-рах у атмасферы азоту ці аміяку, а таксама аднаўленнем аксідаў або галагенідаў металаў у прысутнасці азоту. Выкарыстоўваюць як вогнетрывалыя і абразіўныя матэрыялы, кампаненты гарачатрывалых і гарачаўстойлівых кампазіцыйных матэрыялаў (у т. л.керметаў), металападобныя — як кампаненты цвёрдых сплаваў.
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну ці некалькі цыянагруп -C≡N, злучаных з атамам вугляроду; арган. вытворныя сінільнай кіслаты (неарган. вытворныя наз.цыянідамі). Агульная ф-ла Н. R-CN, дзе R — арган. радыкал; ізамерныя ізанітрылам (гл.Ізацыяніды).
Бясколерныя вадкасці (напр., акрыланітрыл) ці цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе (за выключэннем ніжэйшых аліфатычных Н.). Лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння, аднаўлення і інш. Пры гідролізе Н. утвараюцца карбонавыя к-ты. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй амідаў кіслот у прысутнасці каталізатара ў атмасферы аміяку. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, сыравіну ў вытв-сці хім. валокнаў (гл.Поліакрыланітрыльныя валокны, Поліамідныя валокны), пластмас, пластыфікатараў, лек. сродкаў, пестыцыдаў. Атрутныя; атручэнне магчыма пры ўдыханні пары, пападанні ў страўнікава-кішачны тракт ці на скуру.
неарганічныя і арган. вытворныя азоцістай кіслаты.
Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO2)n, (n — ступень акіслення металу М). Крышт. рэчывы, тэрмічна малаўстойлівыя: раскладаюцца пры 25—300 °C; без раскладання плавяцца толькі Н. шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць пераважна Н. шчолачных металаў і амонію для сінтэзу азафарбавальнікаў, як акісляльнікі і аднаўляльнікі ў гумава-тэхн., тэкст. і металаапрацоўчай прам-сці, кансерванты харч. прадуктаў. Водарастваральныя Н. (напр., Н. натрыю NaNO2, калію KNO2) таксічныя. Н. арганічныя — эфіры азоцістай к-ты; паўпрадукты ў арган. сінтэзе. Маюць адну ці некалькі груп -O-N=0, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала; ізамерныя нітразлучэнням. Ніжэйшыя алкілнітрыты — газы (напр., метылнітрыт CH3ONO, tпл -12 °C), астатнія — бясколерныя ці жаўтаватыя вадкасці. Не раствараюцца ў вадзе. Высокатаксічныя. Ізапентылнітрыт (ізаамілнітрыт) (CH3)2CHCH2CH2ONO — проціяддзе пры атручэнні сінільнай к-той і яе солямі.
працэс акіслення біялагічнага злучэнняў азоту з утварэннем неарган. солей. Завяршае мінералізацыю арган. злучэнняў, пачатую аманіфікацыяй. У прыродзе адбываецца ў глебе, вадзе і арган. рэштках пры добрай аэрацыі. У асяроддзі, блізкім да нейтральнага (pH 5—9), ажыццяўляецца аўтатрофнымі нітрыфікуючымі бактэрыямі, у кіслым з прыгнечанай аўтатрофнай мікрафлорай — гетэратрофамі (некат. грыбамі і бактэрыямі). Аўтатрофная Н. ідзе ў 2 фазы (прыблізная схема: амоній — гідраксіламін — пераксанітрыт — нітрыт; нітрыт — нітрат), якія спалучаюцца з акісляльным фасфарыліраваннем (энергія ідзе на сінтэз арган. злучэнняў з вуглекіслаты). Пры гетэратрофнай Н. акісляюцца акрамя мінеральных і арган. злучэнні азоту. Гл. таксама Дэнітрыфікацыя.
бактэрыі, якія пераўтвараюць аміяк і аманійныя солі ў нітраты. Пашыраны ў глебе, вадаёмах. У 1-й фазе нітрыфікацыі бактэрыі з родаў нітразамонас, нітразацысціс, нітразалобус, нітразаспіра акісляюць NH3 да нітрытаў; у 2-й — нітратныя бактэрыі (роды нітрабактэр, нітраспіна, нітракокі) акісляюць нітрыты да нітратаў. Паміж імі існуюць метабіятычныя адносіны: бактэрыі, якія акісляюць NH3, забяспечваюць субстратам бактэрыі, якія акісляюць нітрыты.
Клеткі сферычныя, спіральныя, палачка- і эліпсападобныя, рухомыя. Грамадмоўныя. Строгія аэробныя арганізмы, хемасінтэзуючыя аўтатрофы. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе.