НІТРЫ́ТЫ,
неарганічныя і арган. вытворныя азоцістай кіслаты.
Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO2)n, (n — ступень акіслення металу М). Крышт. рэчывы, тэрмічна малаўстойлівыя: раскладаюцца пры 25—300 °C; без раскладання плавяцца толькі Н. шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць пераважна Н. шчолачных металаў і амонію для сінтэзу азафарбавальнікаў, як акісляльнікі і аднаўляльнікі ў гумава-тэхн., тэкст. і металаапрацоўчай прам-сці, кансерванты харч. прадуктаў. Водарастваральныя Н. (напр., Н. натрыю NaNO2, калію KNO2) таксічныя. Н. арганічныя — эфіры азоцістай к-ты; паўпрадукты ў арган. сінтэзе. Маюць адну ці некалькі груп -O-N=0, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала; ізамерныя нітразлучэнням. Ніжэйшыя алкілнітрыты — газы (напр., метылнітрыт CH3ONO, tпл -12 °C), астатнія — бясколерныя ці жаўтаватыя вадкасці. Не раствараюцца ў вадзе. Высокатаксічныя. Ізапентылнітрыт (ізаамілнітрыт) (CH3)2CHCH2CH2ONO — проціяддзе пры атручэнні сінільнай к-той і яе солямі.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)