НІТРЫ́ЛЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну ці некалькі цыянагруп -C≡N, злучаных з атамам вугляроду; арган. вытворныя сінільнай кіслаты (неарган. вытворныя наз. цыянідамі). Агульная ф-ла Н. R-CN, дзе R — арган. радыкал; ізамерныя ізанітрылам (гл. Ізацыяніды).
Бясколерныя вадкасці (напр., акрыланітрыл) ці цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе (за выключэннем ніжэйшых аліфатычных Н.). Лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння, аднаўлення і інш. Пры гідролізе Н. утвараюцца карбонавыя к-ты. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй амідаў кіслот у прысутнасці каталізатара ў атмасферы аміяку. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, сыравіну ў вытв-сці хім. валокнаў (гл. Поліакрыланітрыльныя валокны, Поліамідныя валокны), пластмас, пластыфікатараў, лек. сродкаў, пестыцыдаў. Атрутныя; атручэнне магчыма пры ўдыханні пары, пападанні ў страўнікава-кішачны тракт ці на скуру.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)