НІТРЫ́ДЫ,

хімічныя злучэнні азоту з больш электрададатнымі элементамі, пераважна з металамі; адносяцца да металідаў.

Большасць Н. цвёрдыя крышт. рэчывы. Паводле тыпу хім. сувязі Н. падзяляюць на іонныя, кавалентныя і металападобныя (з пераважна метал. сувяззю). Іонныя (Н. шчолачных і шчолачназямельных металаў) маюць саставы. што адпавядаюць звычайным валентным суадносінам (напр.. Н. літыю Li3N, магнію Mg2N3), раскладаюцца вадой з вылучэннем аміяку. Да кавалентных адносяцца Н. бору (гл. Бору злучэнні), крэмнію Si3N4, а таксама алюмінію (гл. Алюмінію злучэнні), індыю і галію; хімічна вельмі ўстойлівыя, дыэлектрыкі ці паўправаднікі з шырокай забароненай зонай. Металападобныя — Н. пераходных металаў (тытану TiN, цырконію ZrN, малібдэну Mo2N і інш.), маюць высокія т-ры плаўлення (каля 3000 °C) і цвёрдасць, хімічна вельмі ўстойлівыя, добрыя праваднікі. Утвараюцца пры азатаванні. Атрымліваюць Н. з элементаў пры высокіх т-рах у атмасферы азоту ці аміяку, а таксама аднаўленнем аксідаў або галагенідаў металаў у прысутнасці азоту. Выкарыстоўваюць як вогнетрывалыя і абразіўныя матэрыялы, кампаненты гарачатрывалых і гарачаўстойлівых кампазіцыйных матэрыялаў (у т. л. керметаў), металападобныя — як кампаненты цвёрдых сплаваў.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)