Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НІ́СА,

старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст. н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў І ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.

І.М.Язэпенка.

т. 11, с. 349

«НІ́САН МО́ТАР»

(«Nissan Motor Со. Ltd.»),

адна з вядучых аўтамаб. кампаній Японіі; займае 4-е месца ў свеце і 2-е у Японіі сярод аўтамаб. кампаній. Засн. ў 1933 у Токіо, у 1966 аб’ядналася з «Прынс мотар карпарэйшэн», у 1968 далучыла кампанію «Фудзі хэві індастрыс». У 1992 тавараабарот склаў 53,8 млрд. дол., у вытв-сці занята 143,3 тыс. чалавек.

т. 11, с. 349

НІСІ́МКАВІЧЫ,

комплекс археал. помнікаў каля в. Нісімкавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча, селішчы, курганны і бескурганны могільнікі. Гарадзішча заснавана насельніцтвам мілаградскай культуры, пазней асвоена носьбітамі зарубінецкай культуры. Пры раскопках выяўлены рэшткі пабудовы, 4 агнішчы, фрагменты ляпной керамікі, гліняныя прасліцы і грузікі, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. На пяці селішчах 5—7 і 9—11 ст. выяўлены рэшткі пабудоў калочынскай культуры, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, жал. нажы, цвікі, цуглі, бронзавыя і сярэбраныя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы і тыглі, рэшткі металургічнай вытв-сці і інш. У курганным могільніку 10—12 ст. 43 насыпы (дыям. 5—12 м, выш 0,7—2 м), пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе ў дубовых калодах. Знойдзены ганчарны посуд, бронзавыя сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, лунніцы, фібулы, бурштынавыя, сердалікавыя, шкляныя пацеркі і інш. Належаў радзімічам. Бескурганны могільнік датуецца першымі ст. н.э. (пахавальны абрад — трупаспаленне) і 12—13 ст. (трупапалажэнне). Знойдзены крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, бронзавыя скроневыя кольцы, шыферныя прасліцы і інш.

т. 11, с. 349

НІСІ́МКАВІЧЫ,

вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., на р. Покаць. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Чачэрск, 87 км ад Гомеля, 57 км чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 353 ж., 152 двары (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Абеліск у гонар Чачэрскага падп. райкома КП(б)Б і 1-й Гомельскай партыз. брыгады. Комплекс археал. помнікаў Нісімкавічы.

т. 11, с. 350

НІСІНО́МІЯ,

горад у Японіі, прамысл. прыгарад г. Осака. Каля 500 тыс. ж. (1998). Порт на Пд в-ва Хонсю. Вузел скарасных шашэйных дарог. Прам-сць: металургічная, металаапр., авіяц., тэкст., харчасмакавая (вытв-сць лепшых гатункаў рысавай гарэлкі — сакэ), аптычнае і дакладнае машынабудаванне. Ун-т.

т. 11, с. 350

НІ́СКІ (Георгій Рыгоравіч) (21.1.1903, г. Гомель — 19.6.1987),

расійскі мастак. Нар. маст. Расіі (1965). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Гомельскай студыі імя М.Урубеля (1919—21), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—30). Зазнаў уплыў А.Дайнекі. У пейзажах імкнуўся перадаць рытм сучаснага жыцця праз яркае каларыстычнае вырашэнне ў спалучэнні з абагульненасцю кампазіцыі. Сярод твораў: «Беларускі пейзаж» (1947), «Верхняя Волга» (1949), «Вясёлка», «Ля берагоў Далёкага Усходу», «Порт Адэса» (цеплаход «Расія»), «Пейзаж з маяком» (усе 1950), «Падмаскоўная зіма» (1951), «Рыбінскае мора» (1953—54), «Парусны спорт. Пестава» (1954), «Падмаскоўе. Люты», «Падмаскоўная ракада» (абодва 1957), «Азёрны край» (1958), «Над снягамі», «Калгас «Загор’е» (абодва 1959—60), «Каля магілы сябра» (1963—64), трыпціха «На Поўначы» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1951.

Літ.:

Киселев М.Ф. Г.Нисский. М., 1972.

Л.Ф.Салавей.

Г.Ніскі. Падмаскоўе. Люты. 1957.

т. 11, с. 350

НІСНЕ́ВІЧ (Ізідар Герасімавіч) (21.12.1914, Мінск — 25.10.1977),

бел. музыказнавец, муз. крытык. Брат С.Г.Нісневіч. Скончыў Бел. кансерваторыю (1938), выкладаў у ёй (1938—40). З 1946 нам. маст. кіраўніка Бел. філармоніі, выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та, у 1963—77 лектар Саюза кампазітараў Беларусі. Асн. працы па пытаннях нац. кампазітарскай творчасці, выканальніцтва, суадносін бел. паэзіі і музыкі. Аўтар сцэнарыяў навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, у т. л. «Партытура жыцця» (1968, пра Я.Цікоцкага), «Мой сябар Ака Джураеў» (1969), «Песня нашай памяці» (1975, з Б.Бур’янам).

Тв.:

Белорусская ССР. 2 изд. М., 1958 (разам з Г.І.Цітовічам);

Творчасць Купалы і музыка беларускіх кампазітараў // Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;

Невычэрпная крын ша натхнення // У сэрцы народным: (Жыццё і творчасць Якуба Коласа). Мн., 1967;

Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2 изд. Л., 1969 (разам з С.Г.Нісневіч);

Г.Р.Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1971;

Музыкально-критические статьи. Л.. 1984.

Г.М.Загародні.

т. 11, с. 350

НІСНЕ́ВІЧ (Сіма Герасімаўна) (2.2.1914, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 5.3.1985),

бел. музыказнавец, педагог. Сястра І.Г.Нісневіча. Скончыла БДУ (1936), Бел. кансерваторыю (1941, клас В.Залатарова), у 1944—83 выкладала ў ёй (з 1974 дацэнт). У 1954—57 адначасова ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследавала гісторыю бел. прафес. музыкі, яе сувязі з нац. фальклорам. Складальнік «Хрэстаматыі па беларускай музычнай літаратуры» (т. 1—2, 1959—61), муз. часткі і аўтар уступных артыкулаў да зб. «Жартоўныя песні» (1974), «Песні пра каханне» (1978) у шматтомнай серыі «Беларуская народная творчасць», аўтар падручніка «Беларуская музычная літаратура» (3-е выд., 1981), сааўтар «Гісторыі беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыі беларускай музыкі» (1976).

Тв.:

Белорусская симфоническая музыка. Мн., 1959;

Народный артист БССР Н.И.Аладов. Мн., 1959;

В.А.Золотарев. М., 1964;

Генрых Вагнер. Мн., 1969;

Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2 изд. Л., 1969 (разам з І.Г.Нісневічам);

Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;

Яўген Цікоцкі. Мн., 1972;

Белорусская народная песня в симфоническом творчестве национальных композиторов (20—30-е гг.) // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976;

Некоторые принципы использования национального фольклора в белорусской профессиональной музыке // Музыкальная культура БССР. М., 1977.

Р.М.Аладава.

т. 11, с. 350

НІСТА́ГМ (ад грэч. nystagmos дрымота),

міжвольныя рытмічныя двухфазныя (хутка і павольна) рухі вочных яблыкаў у чалавека і жывёл. Бывае адна- і двухбаковы (часцей); гарыз., вярчальны, верт. і дыяганальны. Назіраецца ў здаровым стане, напр., пры працяглым вярчэнні на крэсле, фіксацыі позірку на прадметах, што хутка рухаюцца; у паталаг. стане пры хваробах ц. н. с., пашкоджаннях і захворваннях мозга, вушнога лабірынта і інш.

т. 11, с. 350