Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НІ́ТКА тэкстыльная,

тонкі, гнуткі, трывалы выраб вял. даўжыні з тэкст. валокнаў прыродных ці валокнаў хімічных. Адрозніваюць Н. зыходныя, што не падзяляюцца ў падоўжным напрамку без парушэння (напр., элементарныя натуральныя Н., у т. л. шоўк-сырэц, монанітка), першасныя (пража і комплексныя, якія складаюцца з некалькіх элементарных Н.) і другасныя (кручаныя; звычайна атрымліваюць скручваннем некалькіх першасных Н.). Другасныя Н. вырабляюць тэкстураванымі (высокааб’ёмнымі) і фасоннымі (з петлямі, патаўшчэннямі і інш. перыяд. змяненнямі структуры Н.). Скручваннем пражы і комплексных Н. атрымліваюць Н. камбінаваныя. Паводле саставу падзяляюць на аднародныя — з валокнаў аднаго віду (напр., баваўняныя, шарсцяныя, віскозныя) і змяшаныя — з валокнаў розных відаў (напр., ільнолаўсанавыя). Выкарыстоўваюць для вырабу тканіны, трыкатажу, нятканых матэрыялаў, штучнага футра, швейных Н. і інш.

т. 11, с. 350

НІТР..., нітра... (ад грэч. nitron салетра, сода), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх адносіны да азоту (напр., нітрабензол, нітразлучэнні).

т. 11, с. 350

НІТРАБАРЫ́Т,

мінерал класа нітратаў; нітрат барыю, ці барыевая салетра, Ba(NO3)2. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі актаэдрычнага габітусу. Утварае двайнікі па шпінелевым законе. Бясколерны. Шчыльн. 3,24 г/см³. Добра раствараецца ў вадзе. Найб. радовішчы ў Чылі. Гл. таксама Салетры.

т. 11, с. 350

НІТРАБЕНЗО́Л, мірбанавы алей,

найпрасцейшае араматычнае нітразлучэнне, C6H5NO2. Зеленаватая алеепадобная вадкасць з пахам горкага міндалю, шчыльн. 1203,7 кг/м³, tпл 5,85 °C, tкіп 211,03 °C. Змешваецца з арган. растваральнікамі, маларастваральны ў вадзе. Атрымліваюць нітраваннем бензолу сумессю канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аніліну, араматычных азотзмяшчальных рэчываў (напр., азабензолу, бензідыну, хіналіну), як растваральнік і кампанент паліравальнай сумесі для металаў. Атрутны, усмоктваецца скурай, уздзейнічае на ц. н. с., печань, парушае абмен рэчываў, акісляе гемаглабін да метгемаглабіну, ГДК 3 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

НІТРАВА́ННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення нітрагрупы — NO2 у малекулу арган. злучэння. Ажыццяўляюць з дапамогай нітравальных агентаў: азотная к-та HNO3, сумесь HNO3 з сернай к-той (нітравальная сумесь), аксіды азоту (N2O4, N2O5) і інш. Рэакцыя Н. вядома ў арган. хіміі з 1834, калі ням. хімік Э.Мічэрліх сінтэзаваў нітрабензол уздзеяннем канцэнтраванай HNO3 на бензол. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе для атрымання нітразлучэнняў.

Адбываецца. ў выніку замяшчэння атамаў вадароду (прамое Н.) ці функцыян. груп (замяшчальнае Н.) або далучэння NO2-групы па кратнай сувязі. Для алканаў і алкенаў характэрны радыкальны механізм Н. (крыніцай радыкалаў NO2 з’яўляюцца HNO3 і аксіды азоту), для арэнаў (араматычных вуглевадародаў), гетэрацыклічных злучэнняў, амінаў, спіртоў — іонны з удзелам катыёнаў нітронію NO​+2 (электрафільнае Н.). Пры электрафільным Н. ў якасці нітравальных агентаў выкарыстоўваюць канцэнтраваную HNO3, нітравальную сумесь, нітраты, солі нітронію NO​+2X​ (дзе X​ = BF​4, ClO​4 і інш.).

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

НІТРАГЕНА́ЗА,

мультыфермент, які каталізуе сінтэз аміяку ў працэсе азотфіксацыі; аднаўляе таксама злучэнні з трайной сувяззю, напр., азіды, ацэтылен, цыяніды.

т. 11, с. 351

НІТРАГІ́Н,

бактэрыяльнае ўгнаенне для збожжавых, бабовых культур і траў. Мае клубеньчыкавыя бактэрыі, здольныя засвойваць атм. азот і ператвараць яго ў даступныя для раслін злучэнні.

т. 11, с. 351

НІТРАГЛІЦЭРЫ́НА, гліцэрынатрынітрат,

поўны эфір гліцэрыны і азотнай к-ты; магутнае брызантнае выбуховае рэчыва, C3H5(ONO2)3. Атрымана ў 1846 італьян. хімікам А.Сабрэра; прамысл. вытв-сць наладжана А.Нобелем.

Бясколерная алеепадобная вадкасць без паху, салодкага смаку. Крышталічная існуе ў 2 мадыфікацыях — стабільнай рамбічнай (tпл 13.5 °C) і лабільнай трыкліннай (tпл 2,8 °C). Добра раствараецца ў ацэтоне, дыэтылавым эфіры, метаноле, мала — у вадзе, гліцэрыне. Вельмі адчувальная да ўдару, трэння, агню (т-ра ўзгарання 200 °C); гарэнне лёгка пераходзіць у выбух (цеплата выбуху 6,3 МДж/кг). Атрымліваюць узаемадзеяннем гліцэрыны з сумессю азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (дынамітаў, балістытаў), у медыцыне як сасударасшыральны сродак (паляпшае каранарны кровазварот). У значных дозах атрутная; выклікае моцны галаўны боль. ГДК 2 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

НІТРАЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх адна ці некалькі нітрагруп -NO2 непасрэдна звязаны з атамамі вугляроду. Паводле колькасці нітрагруп Н. падзяляюць на мона-, ды- і полінітразлучэнні. Адрозніваюць аліфатычныя, араматычныя, тлушчаараматычныя (з нітрагрупай у бакавым аліфатычным ланцугу, напр., фенілнітраметан C6H5NO2) і інш.

Найпрасцейшыя нітралканы бясколерныя вадкасці (напр., нітраметан); араматычныя Н. — высокакіпячыя вадкасці (напр., нітрабензол) ці нізкаплаўкія крышт. рэчывы з характэрным пахам. Многія полінітразлучэнні, пераважна араматычныя — выбуховыя рэчывы. Аліфатычныя Н. атрымліваюць вадкафазным ці парафазным нітраваннем сумесі этану, прапану і бутану, вылучанай з прыроднага газу ці пры перапрацоўцы нафты; араматычныя — пераважна электрафільным нітраваннем. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, шэраг Н. у якасці біялагічна актыўных рэчываў (гербіцыды, фунгіцыды, антыбактэрыяльныя сродкі), аліфатычныя Н. як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці і вытв-сці палімераў, для дэпарафінізацыі нафты і інш., араматычныя — у вытв-сці выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, некаторыя як пахучыя рэчывы. Таксічныя: аліфатычныя раздражняюць слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, з’яўляюцца клетачнымі ядамі агульнага ўздзеяння; араматычныя — прыгнечваюць нервовую і асабліва крывятворную сістэмы.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 351

НІТРАЛА́КІ,

гл. ў арт. Эфірацэлюлозныя лакі.

т. 11, с. 351