НІ́ТКА тэкстыльная,
тонкі, гнуткі, трывалы выраб вял. даўжыні з тэкст. валокнаў прыродных ці валокнаў хімічных. Адрозніваюць Н. зыходныя, што не падзяляюцца ў падоўжным напрамку без парушэння (напр., элементарныя натуральныя Н., у т. л. шоўк-сырэц, монанітка), першасныя (пража і комплексныя, якія складаюцца з некалькіх элементарных Н.) і другасныя (кручаныя; звычайна атрымліваюць скручваннем некалькіх першасных Н.). Другасныя Н. вырабляюць тэкстураванымі (высокааб’ёмнымі) і фасоннымі (з петлямі, патаўшчэннямі і інш. перыяд. змяненнямі структуры Н.). Скручваннем пражы і комплексных Н. атрымліваюць Н. камбінаваныя. Паводле саставу падзяляюць на аднародныя — з валокнаў аднаго віду (напр., баваўняныя, шарсцяныя, віскозныя) і змяшаныя — з валокнаў розных відаў (напр., ільнолаўсанавыя). Выкарыстоўваюць для вырабу тканіны, трыкатажу, нятканых матэрыялаў, штучнага футра, швейных Н. і інш.
т. 11, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)