Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.

У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).

т. 11, с. 117

НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),

бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.​Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.​Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел. фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.​Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы і Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Літ.:

Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.

т. 11, с. 117

НАГУ́Л,

пашавы адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак і коней перад забоем на мяса. Экстэнсіўны, найб. натуральны і танны спосаб адкорму. Забяспечвае сярэднясутачную прыбаўку ў масе буйн. раг. жывёлы і коней ад 700 г, авечак ад 150 г. Ажыццяўляюць на прыродных або сеяных пашах, сезонна ці круглагадова, у залежнасці ад асаблівасцей зялёнага канвееру — толькі з мінер. падкормкай, з падкормкай і зялёнай масай, канцэнтратамі і інш., ці з заключным стойлавым адкормам. Перад Н. жывёлу фарміруюць у аднародныя статкі (на Беларусі да 150 галоў), павялічваюць долю аб’ёмістых кармоў у рацыёнах, праводзяць зоавет. агляд і мечанне жывёл. Для кожнага статка вызначаюць месцы стойбішчаў. Найлепш нагульваюцца буйн. раг. жывёла мясных і авечкі мяса-воўнавых і мяса-сальных парод пры загоннай пасьбе. Маса маладняку за перыяд Н. (3—5 мес) павялічваецца на 40—60%, дарослых жывёл (2—4 мес) на 20—30%. Мяса добра нагуленых жывёл мае аптымальны хім. і марфал. склад, найлепшыя харч. якасці. У рыбнай гаспадарцы Н. наз. вырошчванне таварнай рыбы ў спец. сажалках (звычайна карпа), прыродных вадаёмах. Для падкормкі выкарыстоўваюць макуху, вотруб’е, збожжа, муку, травяную муку, жывёльныя і мінер. кармы. Н. таксама наз. інтэнсіўнае жыўленне дзікіх жывёл перад або пасля перыяду размнажэння, перад бяскорміцай (напр., летняй засухай), зімовым сном, спячкай і перыяд такога жыўлення. Н. паляўніча-прамысл. жывёл наз. жыраваннем, рыб пасля нерасту — жорам.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 11, с. 117

НАГУМО́ВІЧ (Леў Казіміравіч) (Якаўлевіч; 1792, г. Магілёў — 26.4.1853),

хірург. Д-р медыцыны (1812). Скончыў Віленскі ун-т. З 1812 ваен. ўрач. Удзельнічаў у вайне 1812. У 1818—26 ардынатар Магілёўскага ваен. шпіталя. Навук. працы па лячэнні агнястрэльных ран, халеры.

т. 11, с. 118

Нагурскі Ян Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 432

НАДАЗЕ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ласіца, за 36 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,23 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 300 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 3,25 км². Схілы катлавіны выш. 12 м (на Пн да 7 м), пераважна пад хмызняком, участкамі на Пн і ПнУ разараныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі высокія. Бяссцёкавае.

т. 11, с. 118

НА́ДАЎБНІ,

процітанкавыя, процітрансп., процідэсантныя загароды з бярвён (дыяметрам не менш за 25 см), метал., жалезабетонных бэлек або камянёў, укапаных у грунт вертыкальна або з нахілам 60—75° у бок праціўніка; выступаюць над паверхняй зямлі на 0,5—1,2 м. Устанаўліваюць Н. ў 3—5 радоў у шахматным парадку; аплеценыя калючым дротам, адначасова служаць і проціпяхотнай загародай. Н. выкарыстоўваліся са стараж. часоў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны ўстанаўліваліся ва ўмацаваных раёнах, пры абароне буйных гарадоў і інш. Н. часам ставілі партызаны Беларусі, але больш шырока выкарыстоўвалі засекі. У сучасных умовах Н. ўстанаўліваюць супраць дэсантаў у прыбярэжных раёнах мора, на берагах рэк і інш.

Надаўбні: 1 — з бярвён; 2 — з камянёў.

т. 11, с. 118

НАДАШКЕ́ВІЧ Ігар Іосіфавіч, (н. 24.11.1956, пас. Калодзішчы Мінскага р-на), бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). З 1987 працуе на Маст. камбінаце ў Мінску. У творчасці прытрымліваецца сюжэтнай лініі рэаліст. выканання ў спалучэнні з яркім, адкрыта фавістычным каляровым вырашэннем. Аўтар серый «Архаіка» (1995—2000), «Бацькоўскі дом» (1998—2000), «Памяці М.​Раманюка», «Эгейскія скарбы» (абедзве 1998), «Дульсінея», «Жэмчуг лета» (абедзве 1999).

т. 11, с. 118

НА́ДАШЫ ((Nadasi) Ферэнц) (16.10.1893, Будапешт — 20.2.1966),

венгерскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Засл. арт. Венгрыі (1955). Вучыўся ў Будапешце, удасканальваўся ў Э.Чэкеці. У 1913—21 саліст, у 1936—62 балетмайстар і педагог (у 1950—61 дырэктар) Венг. опернага т-ра (Будапешт), выконваў гал. партыі ў яго спектаклях. У 1950—53 педагог Ін-та балета. Сярод лепшых пастановак: «Сільвія» на муз. Л.​Дэліба (1942), «Прывід ружы» на муз. К.​М.​Вебера і «Дзень нараджэння інфанты» Дж.​Карпентэра (абедзве 1948) і інш. Стварыў балетную школу (1937), у пед. працы спалучаў стыль італьян. школы класічнага танца з нац. асаблівасцямі венг. танц. мастацтва. Прэмія імя Л.​Кошута 1958.

т. 11, с. 118

НАДБАРО́ДНІК (Epipogium),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, трапічнай Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі 1 від. Н. бязлісты (E. aphyllum). Трапляецца адзіночнымі экзэмплярамі ў вільготных хвойных, мяшаных і шыракалістых лясах.

Н. бязлісты — шматгадовая расліна-мікатроф выш. 20 см з каралападобным карэнішчам. Сцёблы крохкія, сакаўныя, жаўтаватыя з чырв. палоскамі. Зялёнае лісце адсутнічае (расліна жывіцца арган. рэчывамі ляснога подсцілу), замест яго 5—8 жаўтаватых лускавінак. Кветкі паніклыя, жаўтавата-белыя, у рэдкай гронцы, духмяныя. Плод — каробачка.

т. 11, с. 118