Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУЧЫ́Н,

археалагічныя помнікі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, эпохі Кіеўскай Русі (паселішчы, гарадзішча і селішча) каля в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Паселішчы належалі плямёнам верхнедняпроўскай культуры і сярэднедняпроўскай культуры. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі ў цэнтры. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і інш. вырабы, ляпны арнаментаваны посуд. Гарадзішча ўмацавана падковападобным валам. Як і селішча, яно належала носьбітам мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і насельніцтву часоў ранняга сярэдневякоўя. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, вырабы з жалеза і бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў. Даследчыкі лічаць, што тут, магчыма, знаходзіўся летапісны Лучын. На селішчы знойдзены фрагменты ляпных і ганчарных гаршкоў.

А.Г.Калечыц.

т. 9, с. 379

ЛУЧЫ́Н,

старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.

А.А.Мяцельскі.

т. 9, с. 379

ЛУЧЫ́Н,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пд ад г. Рагачоў, 113 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Луцкае. 919 ж., 435 двароў (1999).

На думку некат. даследчыкаў, тут размяшчаўся стараж. горад Лучын. Згадваецца як горад у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач.15 ст.), у 1480 у Грамаце караля Казіміра мінскаму купцу Церашковічу. У 14—18 ст. у Рагачоўскай воласці (старостве) ВКЛ, з 16 ст. вядомы як сяло. З 1793 у Рас. імперыі, у Рагачоўскім пав. Беларускай, з 1802 Магілёўскай, з 1919 Гомельскай губ. У 1886—672 ж., 114 двароў, царква, 2 ветракі. З 1924 цэнтр сельсавета ў Рагачоўскім р-не Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі двойчы (у 1941 і 1944) часткова спальвалі Л. У 1972—1352 ж., 387 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі група археал. помнікаў Лучын.

Т.С.Скрыпчанка.

т. 9, с. 379

ЛУЧЫ́НА (Янка) (сапр. Неслухоўскі Іван Люцыянавіч; 6.7.1851, Мінск — 16.7.1897),

бел. паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це на матэм. ф-це (1870—71), скончыў Пецярбургскі тэхналаг. ін-т (1877). У 1877—79 працаваў у чыг. майстэрнях Тыфліса, потым — у тэхн. бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Упершыню выступіў у друку ў 1886. Пісаў на бел., польск., рус. мовах. Друкаваўся ў газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» пад рэд. А.Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках «Głos Polski» («Польскі голас»), «Kłosy» («Калоссе»), «Kraj» («Край»), «Prawda» («Праўда»), «Życie» («Жыццё») і інш. Творчасць Л. выяўляла розныя ўзроўні маст. асэнсавання бел. рэчаіснасці 1880—90-х г., але была мэтанакіраванай у дэмакр. сцвярджэнні ідэалу свайго часу. Прадаўжаючы эстэт. традыцыі л-ры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён заставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэаліст. і рамант. пачаткі. Тэматычна яго паэзія звязана пераважна з жыццём бел. вёскі; гал. яе герой — селянін як найб. варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Не прымаў бурж. стасункаў у грамадстве, разам з тым верыў у асветніцкі, тэхн. прагрэс, народжаны часам. Супярэчнасць у поглядах абумовіла яго ўвагу да ўнутр. перажыванняў асобы. Паэзіі Л. ўласцівы мяккі лірызм, роздумнае паглыбленне ў псіхал. стан чалавека. Яна спрыяла развіццю бел. філас. лірыкі. Польскамоўная паэма «Паляўнічыя акварэлькі» і бел. аўтапераклад яе раздзела «Стары паляўнічы» адкрылі перад бел. паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нац. эпічных твораў («Новая зямля» Я.Коласа і інш.). У нарысе «З крывавых дзён» (1889) Л. ўзнаўляе карціны паўстання 1863—64 на Міншчыне. Пяру Л. належыць драматургічны абразок без назвы. Збіраў бел. фальклор і дасылаў яго П.Шэйну. Перакладаў з польск. мовы на бел. (У.Сыракомлю) і рускую (У.Сыракомлю, А.Асныка), з рус. на польскую (І.Крылова, М.Някрасава, В.Чуміну-Міхайлаву і інш.), з ням. (Г.Гейнэ), стараж.-грэч. (Гамера). Польскія творы Л. на бел. мову пераклалі М.Арочка, Р.Барадулін, М.Клімковіч, У.Мархель, М.Машара, П.Пестрак, Г.Тумаш, К.Цітоў, І.Чыгрын і інш.

Тв.:

Poezye. Warszawa, 1898;

Выбр. творы. Мн., 1953;

Вязанка. Пб., 1903 (факс. выд. Мн., 1992);

Творы. Мн., 1988.

Літ.:

Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;

Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;

Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Там жа. 1976. № 8;

Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990. С. 143—176;

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993.

У.І.Мархель.

Я.Лучына.

т. 9, с. 380

«ЛУЧЫ́НКА»,

літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс для моладзі. Выдавалася ў 1914 у Мінску на бел. мове на 16 старонках. Рэдактар-выдавец А.Уласаў, літ. рэдактар Цётка (А.Пашкевіч). Мела асветніцка-краязнаўчы кірунак. Садзейнічала прапагандзе ідэі нац. асветніцтва, самаадукацыі, духоўнага і патрыят. выхавання бел. моладзі, пашырэнню яе кругагляду, абуджэнню нац. самасвядомасці. Змяшчала навук. публікацыі пісьменнікаў, дзеячаў культуры, журналістаў, студэнтаў па пытаннях гіст. і культ. спадчыны Беларусі, яе эканам. і геагр. становішча. Сярод праграмных (рэдакцыйных) публікацый верш Цёткі «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Да школьнай моладзі», «Аб душы маладзёжы», нарысы «Шануйце роднае слова!», «Наша народная беларуская песня» і інш. Апублікавала навукова-пазнавальныя краязнаўчыя і прыродазнаўчыя артыкулы В.Ластоўскага (Власта) «Якога мы роду-племені», А.Паўловіча «Вадаспады», «Вулкан», М.Баброўскага (Л.Гмырака) «Сіла з народу», Цёткі (пад псеўд. Мацей Крапіўка) «Газа», «Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птушкі», «Радый», У.Рышкевіча (пад крыптанімам В.Р-іч) «Аб той вадзе, што падае з неба», А.Балкоўскага (пад крыптанімам А.Бол-і) «Паветра», нарысы пра асновы эканомікі А.Смоліча (А.Жывіцы) «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае», успаміны Б.Тарашкевіча (Я.Тараса) пра У.Эпімах-Шьшілу і інш. На старонках «Л.» друкаваліся маст. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Буйло, Я.Журбы, З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, Паўловіча, М.Арла, Ядвігіна Ш., А.Жыгалкі, В.Лявіцкай і інш. Планавала выданне перакладных твораў для дзяцей (выйшаў адзін зборнік апавяданняў у перакладзе з польск. мовы). Друкавала нар. песні, гульні, шарады. Рэкламавала бел. кнігі, перыяд. выданні. Выйшла 6 нумароў.

С.В.Говін.

т. 9, с. 380

ЛУЧЫ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (5.4.1900, г. Кіеў — 25.12.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген. арміі (1955). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну на Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 1-м і 3-м Бел., 1-м Укр. і Забайкальскім франтах: камандзір стралк. дывізіі, корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік вызвалення Глуска, Слуцка, Вілейкі, Мінска, Баранавіч, Пружан, Брэста. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—58. Ганаровы грамадзянін г. Брэст.

т. 9, с. 380

ЛУЧЫ́НСКІ ((Lucinschy) Петру) (н. 27.1. 1940, с. Старыя Радуляны Фларэшцкага р-на, Малдова),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Малдовы. Кандыдат філас. н. Скончыў Кішынёўскі ун-т (1962). З 1960 на камсамольскай і парт. рабоце ў Малдове, з 1978 у апараце ЦК КПСС. 2-і сакратар ЦК Камуніст. партыі Таджыкістана (1986—89), 1-ы сакратар ЦК Камуніст. партыі Малдовы (1989—90), сакратар ЦК КПСС (1991). З 1992 пасол Малдовы ў Рас. Федэрацыі, у 1993—96 старшыня Парламента Малдовы. З 1997 прэзідэнт Малдовы.

П.Лучынскі.

т. 9, с. 380

ЛУЧЫ́ЦКІ (Іван Васілевіч) (14.6.1845, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 22.8.1918),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Кіеўскі ун-т (1866), з 1877 праф. у ім. Адзін з лідэраў партыі кадэтаў, дэп. 3-й Дзярж. думы (1907—12). З 1908 выкладаў на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбургу. Даследаваў пераважна гісторыю Францыі 16—18 ст. (рэліг. войны, агр. адносіны ў сувязі з рэвалюцыяй 1789—99). Працы Л. па агр. гісторыі Францыі стварылі школу яго паслядоўнікаў у Францыі і інш. краінах. Асн. творы: «Феадальная арыстакратыя і кальвіністы ў Францыі» (1871), «Каталіцкая ліга і кальвіністы ў Францыі» (1877), «Сялянскае землеўладанне ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі» (1900), «Стан земляробчых класаў у Францыі напярэдадні рэвалюцыі і аграрная рэформа 1789—1793 гг.» (1912).

т. 9, с. 380

ЛУ́ЧЫЦЫ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Пціч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 59 км на ПнУ ад г. Петрыкаў, 201 км ад Гомеля, 36 км ад чыг. ст. Пціч. 699 ж., 273 двары (1999). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — парк (пач. 20 ст.).

т. 9, с. 380

ЛУШЧЫ́ЛЬНІК,

прылада для лушчэння ржышча, перадпасяўной апрацоўкі глебы і закрыцця вільгаці на ржышчавым полі. Бываюць дыскавыя і лямешныя.

Дыскавыя Л. складаюцца з батарэй па 9—10 сферычных дыскаў, якія разразаюць глебу, рыхляць яе, часткова пераварочваюць верхні слой. Выкарыстоўваюцца для лушчэння ржышча на глыбіню 5—7 см і для перадпасяўной апрацоўкі глебы на глыбіню 4—10 см. Лямешныя Л. маюць адвальныя карпусы, выкарыстоўваюцца для лушчэння на глыбіню да 12 см і пераворвання глебы на глыбіню да 18 см.

Лушчыльнікі: 1 — дыскавы; 2 — лямешны.

т. 9, с. 380