ЛУЧЫ́Н,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пд ад г. Рагачоў, 113 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Луцкае. 919 ж., 435 двароў (1999).

На думку некат. даследчыкаў, тут размяшчаўся стараж. горад Лучын. Згадваецца як горад у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач.15 ст.), у 1480 у Грамаце караля Казіміра мінскаму купцу Церашковічу. У 14—18 ст. у Рагачоўскай воласці (старостве) ВКЛ, з 16 ст. вядомы як сяло. З 1793 у Рас. імперыі, у Рагачоўскім пав. Беларускай, з 1802 Магілёўскай, з 1919 Гомельскай губ. У 1886—672 ж., 114 двароў, царква, 2 ветракі. З 1924 цэнтр сельсавета ў Рагачоўскім р-не Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі двойчы (у 1941 і 1944) часткова спальвалі Л. У 1972—1352 ж., 387 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі група археал. помнікаў Лучын.

Т.С.Скрыпчанка.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)