ДЗМІ́ТРЫЕЎ Вікенцій Дзмітрыевіч
(н. 29.3.1931, с. Гаранава Ленінградскай вобл., Расія),
бел. трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Засл. трэнер СССР (1966). Засл. трэнер Беларусі (1964), засл. дзеяч фізічнай культуры Беларусі (1968). Засл. настаўнік Беларусі (1965). З 1966 старшы трэнер спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву (г. Віцебск). Сярод яго выхаванцаў алімп. чэмпіёнкі Т.Лазаковіч, Л.Петрык, чэмпіёнкі СССР Л.Аргучынская, С.Кудзінава, С.Маскалёва.
т. 6, с. 124
ДЗМІ́ТРЫЕЎ Генадзь Рыгоравіч
(н. 18.10.1943, в. Першамайка Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1970). Працаваў на будоўлі, настаўнічаў. Друкуецца з 1960. Выдаў зб-кі «Гарады на далонях» (1974), «Азярыны» (1980), для дзяцей — «Птушка Сінязорка» (1976). У вершах адлюстравана біяграфія аўтара — праца на будоўлі, армейская служба, маральны вопыт перажытага, адчуваецца схільнасць да разваг, да інтанацыйна вольнага выказвання. Паэт умее прыкмячаць глыбінныя ўласцівасці з’яў, хараство прыроды, чалавечай душы.
А.М.Пяткевіч.
т. 6, с. 124
ДЗМІ́ТРЫЕЎ Міхаіл Аляксеевіч
(1832, С.-Пецярбург — 26.5.1873),
рускі і бел. этнограф, фалькларыст, педагог. Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу (1853). З 1853 настаўнік дваранскага вучылішча, пасля дырэктар гімназіі ў Навагрудку. Першы дырэктар (1867—73) Гродзенскай дырэкцыі нар. вучылішчаў. Чл. Рус. геагр. т-ва. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел. народа, запісваў бел. фальклор. Зрабіў апісанне шматлікіх нар. абрадаў і звычаяў, побыту («Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета», 1861, «Апісанне пахаванняў і дзядоў у Навагрудскім павеце Мінскай губерні», 1867, «Норавы і звычаі заходнярускага народа», 1868, і інш.). Бел. казкі дасылаў рус. фалькларысту А.М.Афанасьеву, які публікаваў іх па-беларуску ў сваіх «Народных рускіх казках». Запісваў бел. тапанімічныя і міфалагічныя легенды («Возера Свіцязь», 1860, «Паданне пра Лоўчыцы», 1861). У зб. «Спроба збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868) апубл. урывак з твора Я.Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў», бел. ананімны верш «Кінуў-рынуў паўстанне». У «Зборы песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869) змясціў 277 каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых песень, 8 казак, апісанні абрадаў, нар. гульняў, забаў, танцаў. Частка рукапіснай спадчыны Дз. зберагаецца ў архівах Геагр. т-ва і Б-кі Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу і ў Цэнтр. гіст. архіве Літвы (Вільнюс).
Тв.:
Несколько слов краткого исторического обозрсния русско-литовского Новогрудка... // Вестн. имп. Рус. геогр. об-ва. 1858. Ч 24;
Собрание дальнейших исторических сведений о Новогрудке со смерти Свенторога (1270) // Там жа. 1859. Ч. 26;
Обряды и обычаи западнорусских крестьян // Памятная книжка Гродненской губернии на 1869 г Гродно, 1869;
Воскресные школы в Гродненской губернии // Циркуляр по Московскому Учебному округу. 1868. № 12.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 124
ДЗМІ́ТРЫЕЎ Міхаіл Апанасавіч
(н. 23.9.1921, в. Барсукі Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (з 1995). Засл. настаўнік БССР (1964). Скончыў БДУ (1950). Працаваў настаўнікам. З 1974 рэктар Мазырскага пед. ін-та. З 1985 у Гомельскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі педагогікі і асветы, тэарэтычна-метадычных праблемах адукацыі і навучання, працоўнага выхавання («Тэксты лекцый па дыдактыцы». 1981; «Тэорыя адукацыі і навучання», 1989, і інш.).
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЕЎ Юрый Арсеньевіч
(н. 3.12.1911, Масква),
рускі тэатразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1949). Праф. (1950). Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Macrae (1935), дзе і выкладаў з 1936. У 1965—90 заг. сектара т-ра народаў СССР ва Усесаюзным НДІ мастацтвазнаўства. Займаўся гісторыяй рус. і сав. т-ра, цырка, эстрады. У кола яго навук. інтарэсаў уваходзілі пытанні развіцця бел. сцэн. мастацтва. Значны яго ўклад у падрыхтоўку кадраў тэатразнаўцаў Беларусі (А.Бутакоў, Э.Герасімовіч, У.Няфёд, А.Лабовіч, Т.Арлова, А.Сабалеўскі, Р.Смольскі).
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЙ-КАРЫБУ́Т
(? — пасля 1404),
князь у ВКЛ, гл. Карыбут.
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЙ АЛЬГЕ́РДАВІЧ
(пасля 1347—99),
князь у ВКЛ, сын Альгерда і Марыі Яраслаўны Віцебскай. Упершыню ўпамінаецца як князь у г. Трубчэўск (на Браншчыне), які разам з г. Старадуб у 1378 добраахвотна здаў свайму брату Андрэю Альгердавічу (на той час прыхільніку Масквы). На баку вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Вярнуўшыся ў ВКЛ, прысягнуў на вернасць Ягайлу (16.12.1388). Загінуў у бітве на Ворскле 1399.
М.І.Ермаловіч.
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЙ ІВА́НАВІЧ
(19.10.1582, Масква — 15.5.1591),
расійскі царэвіч. Малодшы сын Івана IV Васілевіча Грознага. Пасля смерці бацькі (1584) сасланы з маці (М.Ф.Нагой) у г. Угліч, дзе загінуў пры нявысветленых абставінах (магчыма, у час эпілептычнага прыпадку або забіты паводле загаду Барыса Гадунова). Імя Дз.І. выкарыстоўвалі ў 1604—12 Ілжэдзмітрый I, Ілжэдзмітрый II і інш. самазванцы. У 1606 кананізаваны царквой і перапахаваны ў Маск. Архангельскі сабор.
Літ.:
Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983. С. 67—84;
Яго ж. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев 2 изд. Новосибирск, 1990. С. 10—18;
Зимин А.А В канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986. С. 153—182.
т. 6, с. 125