Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЧАВІ́НА, карбамід,

амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.​Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.​Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.

Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдэгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.

А.​І.​Валожын.

т. 10, с. 234

МАЧАВІ́НА-ФАРМАЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

гл. ў арт. Амінаальдэгідныя смолы.

т. 10, с. 234

МАЧАВЫ́ ПУЗЫ́Р,

орган некаторых беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека, у якім назапашваецца мача перад вывядзеннем з арганізма. У беспазваночных жывёл бывае няпарны (напр., у калаўротак), множны (напр., у малашчацінкавых чарвей, п’явак), парны (напр., у вышэйшых ракападобных). У пазваночных жывёл звычайна няпарны. У чалавека М.п. — полы мешкападобны орган мочапалавой сістэмы, размешчаны ў малым тазе. Сярэдняя ёмістасць 500 см³. Сценкі высланы слізістай абалонкай. Мача паступае ў М.п. праз мачаточнікі. Нерв. элементы ў абалонках М.п. рэагуюць на расцягванне органа пры напаўненні, выклікаюць рэфлекторнае скарачэнне гладкіх міяцытаў мышачнай абалонкі і расслабленне сфінктэраў, што вядзе да мочавыдзялення.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 234

МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),

лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.

М.​І.​Федзюкоеіч.

т. 10, с. 234

МАЧА́ДА-І-РУ́ІС ((Machado y Ruiz) Антоніо) (26.5.1875, г. Севілья, Іспанія — 21.2.1939),

іспанскі паэт. Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1927). Вучыўся ў Свабодным ін-це асветы ў Мадрыдзе. Аўтар паэт. зб-каў «Тамленні» (1903), «Палі Кастыліі» (1912), у т. л. паэмы ў манеры нар. раманса «Зямля Альваргансалеса», п’ес у вершах («Дон Хуан дэ Маньяра», 1927; «Алеандры», 1930, і інш., усе з А.​Мачада-і-Руісам), эсэ, артыкулаў. Яго паэзія адметная гуманізмам і грамадзянскасцю. На бел. мову асобныя вершы М. пераклаў А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1975.

Літ.:

Григорьев В.П. Антонио Мачадо (1875—1939). М., 1971.

т. 10, с. 234

МАЧА́ЖЫНА,

акруглае або выцягнутае мікрапаніжэнне на балоце. Узровень вады ў М. перыядычна ўзнімаецца вышэй за расліны (пераважна вільгацялюбныя сфагнавыя імхі). Характэрны для вярховых балот на Пн Беларусі.

т. 10, с. 234

МАЧА́ЛАЎ (Павел Сцяпанавіч) (15.11.1800, Масква — 28.3.1848),

расійскі акцёр; прадстаўнік рамантызму ў рус. т-ры. Вучыўся акцёрскаму майстэрству ў свайго бацькі С.​Мачалава. З 1817 на маскоўскай імператарскай сцэне (з 1824 Малы т-р). У творчасці, якая вызначалася эмацыянальнасцю, багаццем адценняў і кантрастаў у перадачы пачуццяў, выявіў дэмакр. і гуманіст. ідэалы эпохі. Сярод роляў: Керым-Гірэй («Керым-Гірэй, крымскі хан» паводле А.​Пушкіна), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет, Атэла, Рычард III, кароль Лір (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Фердынанд, Карл («Каварства і каханне», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Мейнаў («Нянавісць да людзей і раскаянне» А.​Кацэбу), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, або Жыццё гульца» В.​Дзюканжа) і інш. Аўтар рамант. драмы «Чаркешанка» (паст. 1840), драм. кампазіцыі паводле верша Пушкіна «Чорны шаль» (музыка А.​Вярстоўскага), лірычных вершаў.

Літ.:

Дмитриев Ю. Мочалов — актер-романтик. М., 1961.

т. 10, с. 234

МАЧА́ЛЬСКІ (Дзмітрый Канстанцінавіч) (15.2.1908, С.-Пецярбург — 20.12.1988),

расійскі жывапісец. Нар. маст. Расіі (1969). Нар. маст. СССР (1980). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава (з 1950 праф.). Аўтар твораў ваен. тэматыкі, лірычных жанравых сцэн: «Перамога. Берлін, 1945 год» (1947), «Пасля дэманстрацыі» (1949), цыклы «Людзі цаліны», «Цаліннікі» (1950—70-я г.) і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Рэпіна 1967.

Дз.Мачальскі. Навасёлы. З палаткі ў новы дом. 1957.

т. 10, с. 234

МАЧА́НКА,

традыцыйная бел. страва, тое, што верашчака.

т. 10, с. 235

МАЧА́ННЕ,

традыцыйная бел. страва, дадатак да бліноў. Гатуецца як верашчака, са скварак з тукам (часам забельваецца смятанай), а таксама з льнянога ці канаплянага семя; з яец, раскалочаных з мукой і малаком ці вадой, з размятага тварагу з малаком ці смятанай. Вядома ўсюды.

т. 10, с. 235