МАЧАТО́ЧНІКІ,
парныя вывадныя пратокі нырак у пазваночных жывёл і чалавека, якія адводзяць мачу ў мачавы пузыр або клааку. Адрозніваюць 3 тыпы М. адпаведна 3 тыпам нырак. М. пранефраса (першаснанырачныя каналы) у паслязародкавым перыядзе функцыянуюць у кругларотых і адкрываюцца ў мочапалавы сінус; М. мезанефраса (першасныя, ці вольфавы каналы) — у рыб і земнаводных; метанефраса (другасныя) — у паўзуноў, птушак, млекакормячых. У чалавека М. размешчаны ў забрушыннай прасторы і ў малым тазе, маюць форму трубкі са звужэннямі і расшырэннямі; злучаюць нырачную лаханку з мачавым пузыром. Сценка М. мае 3 абалонкі: унутраную (слізістая, высланая пераходным эпітэліем), сярэднюю (забяспечвае рух мачы ў мачавы пузыр пры любым становішчы цела) і вонкавую.
А.С.Леанцюк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)