Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІЗО́Ў (Уладзімір Ільіч) (1840, Масква — 1.11.1904),

расійскі археолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). Адзін з заснавальнікаў маскоўскага гіст. музея, з 1881 яго вучоны сакратар. Даследаваў славяна-рускія старажытнасці. У 1890 праводзіў раскопкі курганоў каля вёсак Іпалітаўка (Новабяляеўка) на Гомельшчыне, Чырвоная Слабада і Туравічы на Магілёўшчыне. Вынікі даследаванняў радзіміцкіх курганоў абагульніў у працы «Аб паходжанні і характары курганных скроневых кольцаў і пераважна так званага маскоўскага тыпу» (1895). У канцы 1890-х г. у вярхоўях Дняпра адкрыў доўгія курганы. У 1902 першы з археолагаў на аснове матэрыялаў з раскопак Гнёздаўскіх курганоў на Смаленшчыне выступіў супраць «нарманскай» тэорыі.

Тв.:

[Отчет о раскопках в Смоленской и Могилевской губерниях в 1890 г.) // Древности: Тр. Москов. археологического о-ва М., 1894. Т. 15, вып. 2;

Курганы Смоленской губернии. Вып. 1. СПб., 1902.

т. 14, с. 372

СІЙГ ((Siig) Арві) (н. 8.11.1938, Талін),

эстонскі паэт, перакладчык. Засл. пісьменнік Эстоніі (1986). Вучыўся ў Талінскім пед. ін-це і Тартускім ун-це (1957—63). Друкуецца з 1958. Аўтар зб-каў вершаў «Сола на трубе» (1962), «Рэпарцёр з кінакамерай верша» (1966), «Блакітнае атэлье» (1969), «Сузор’е цішыні» (1973), «Пераломная пара» (1976), «Радыус чутнасці» (1978), «Эпіграмафон» (1980), «Святыя будні» (1983) і інш. Яго лірыка публіцыстычная, шматгранная, скіраваная да самааналізу, у ёй тэмы сучаснасці і вечнасці. Перакладае вершы Г.​Бураўкіна, А.​Вярцінскага, У.​Паўлава. На бел. мову вершы С. перакладалі Р.​Барадулін, Ю.​Голуб, А.​Грачанікаў, В.​Дашкевіч, К.​Камейша, Паўлаў, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў, В.​Шымук.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гняздоўе вятроў. Мн., 1986;

У кн.: Скарбы старога Тоомаса Мн., 1988;

У кн.: Братэрства, 88. Мн., 1988;

У кн.: На волю птушку выпускаю. Мн., 1989;

Рус. пер. — Сиреневые сигналы. М., 1973;

Перекресток. М., 1976;

Ливень об асфальт. Таллинн, 1976.

У.​А.​Паўлаў.

т. 14, с. 372

СІКАТЫ́ВЫ (ад позналац. siccativus які высушвае),

рэчывы, што паскараюць высыханне лакафарбавых матэрыялаў, якія маюць алеі (пакосты, алейныя лакі, алейныя фарбы, алкідныя і інш. смолы) Паводле механізму дзеяння з’яўляюцца каталізатарамі акісляльнай полімерызацыі астаткаў ненасычаных тлустых кіслот алею. Уплываюць таксама на якасць лакафарбавых пакрыццяў: паляпшаюць іх мех. і ахоўныя ўласцівасці, павялічваюць гідрафобнасць і каразійную ўстойлівасць.

Найб. пашыраныя С. — солі монакарбонавых кіслот (мылы) пераходных (кобальт, марганец, цынк і інш.) і непераходных (свінец, кальцый) металаў, растваральныя ў алеях і арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць мылы пераважна 2-этылгексанавай, 2-этылгептанавай, нафтэнавых і сінт. тлустых кіслот, а таксама насычаных кіслот алеяў, талавага масла (солі талаты), каніфолі (рызінаты). У прам-сці С. вырабляюць у выглядзе раствораў у уайт-спірыце, ізапрапаноле і інш. лятучых арган. растваральніках, часам у выглядзе пастаў і парашкоў. У лакафарбавыя матэрыялы звычайна дадаюць сумесі С., якія маюць іоны розных металаў; пашыраны сістэмы кобальт — свінец, кобальт — цынк, свінец — марганец — кобальт і інш.; падбор камбінацый металаў вызначаецца іх сінергетычным дзеяннем.

т. 14, с. 372

СІКЕ́ЙРА ((Siqueira) Жазе) (24.6.1907, Кансейсан, штат Параіба, Бразілія — 1985),

бразільскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Рыо-дэ-Жанейра, у Сарбоне (Парыж). Праф. Нац. муз. школы. Адзін з заснавальнікаў (1940) і маст. кіраўнік (да 1948) Бразільскага сімф. аркестра. Для яго твораў характэрны яркі нац. каларыт, шырокае выкарыстанне муз. фальклору: балет «Карнавал у Рэсіфі» (1947), опера «Спагадлівая» (1960), араторыя «Кандомбле» (1958), 3 сімфоніі (усе 1951), «4 індзейскія паэмы» (1944), кантаты, інстр. канцэрты і інш. Аўтар муз. дапаможнікаў і падручнікаў.

т. 14, с. 372

СІКЕ́ЙРАС, Альфара Сікейрас (Alfaro Siqueiros) Хасэ Давід (29.12.1898, г. Чыўаўа, Мексіка — 6.1.1974), мексіканскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў мексіканскай школы манум. жывапісу. Ганаровы чл. АМ СССР (1967). Вучыўся ў АМ (1911), школе Санта-Аніта (1913) у Мехіка. Удзельнік мекс. рэвалюцыі 1910—17. З 1919 працаваў у Францыі і Іспаніі; у 1921 выдаў у Барселоне «Маніфест рэвалюцыйнага мастацтва». Заснавальнік (1922) і ген. сакратар (1923—25) «Рэвалюцыйнага сіндыката працаўнікоў тэхнікі і мастацтва». З 1924 адзін з кіраўнікоў Мексіканскай камуніст. партыі, з 1929 ген. сакратар Мексіканскай унітарнай прафсаюзнай канфедэрацыі. Неаднаразова быў арыштаваны. У 1932—34 і 1935—36 працаваў у ЗША. Дзейнасць С. ў Аргенціне (1933), Чылі (1941—42), на Кубе (1943) паўплывала на развіццё манум. мастацтва ў краінах Лац. Амерыкі. Яго работы вылучаюцца смелым стылем, насычанасцю фарбаў, дынамікай форм. Ствараў манум. кампазіцыі, у якіх канкрэтныя персанажы спалучаюцца з сімвалічнымі ўвасабленнямі сац.-гіст. сіл, выкарыстоўваў новыя метады перспектывы, спалучаў жывапіс са скульптурнымі формамі, ужываў новыя маст. матэрыялы (сінтэтычныя фарбы, керамічную мазаіку і інш.): размалёўкі Нац. падрыхтоўчай школы (1922—23), клуба прафсаюзаў электрыкаў (1939), Палаца прыгожых мастацтваў (1945, 1950—51), Нац. музея гісторыі (пачаў у 1959; усе ў Мехіка). У 1950—60-я г. ў трактоўцы гіст. падзей і вобразаў узмацніліся выразнасць і паліт. вастрыня. Аўтар мазаікі і рэльефаў на фасадзе рэктарата Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (1952—54), манум.-дэкар. збудавання «Паліфорум» (1971), якое спалучае архітэктуру, жывапіс і скульптуру станковых карцін, літаграфій, малюнкаў. Іл. гл. таксама ў арт. Мексіка.

Літ.:

Григулевич И.Р. Сикейрос. М., 1980;

Семенов О.С. Д.​А.​Сикейрос. М., 1980.

С.​У.​Пешын.

Д.Сікейрас. Размалёўка Нац. музея гісторыі ў Мехіка. 1964.

т. 14, с. 372

СІ́КЕРТ ((Sickert) Уолтэр Рычард) (31.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 22.1.1942),

англійскі жывапісец і графік; адзін з вядучых майстроў англ. імпрэсіянізму. З 1868 жыў у Вялікабрытаніі. Вучыўся ў маст. каледжы Слейда (з 1881). Зазнаў уплыў Дж.​Уістлера, Э.​Дэга. Заснавальнік «Новага англійскага мастацкага клуба» (1885—86). З 1928 прэзідэнт Каралеўскага т-ва брыт. мастакоў. Яго дакладным па назіраннях пейзажам Лондана і Венецыі, партрэтам, інтэр’ерам жылых памяшканняў і мюзік-холаў уласцівы гучнасць колеру і празрыстасць, меланхалічнасць настрою. Сярод твораў: «Царква Сен-Жак» (каля 1890), «Сан-Марка. Венецыя» (1895—96), «П’яцэта» (каля 1901), «Жанчына ў гандоле» (1905), «Нуда» (1913—14), «Тэатр Новага Бедфарда» (1915—16).

т. 14, с. 373

СІКІ́М,

штат Індыі, ва ўсх. Гімалаях. Мяжуе з Непалам, Кітаем, Бутанам. Пл. 7,3 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. чал. (2001) — народы тыбецкага паходжання, выхадцы з Непала і Бенгаліі. Адм. ц.г. Гангтак. С. — горная краіна. Горы выш. 6—8 тыс. м на Пн (г. Канчэнджанга, выш. 8585 м), каля 2 тыс. м на Пд. Клімат мусонны, у далінах умераны, у гарах халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. каля -4 °C, у ліп. каля 16—18 °C. Ападкаў каля 3000 мм за год. Лістападныя і хвойныя лясы займаюць каля 50% тэрыторыі. Развіта пераважна сельская гаспадарка. У далінах рэк вырошчваюць рыс, кукурузу, батат, сою. С. — гал. пастаўшчык кардамону на сусв. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Лесанарыхтоўкі. Здабыча і перапрацоўка поліметал. руды. Невял. прадпрыемствы харч. і тэкст. прам-сці. Саматужныя промыслы (рэчы хатняга ўжытку, разьба па дрэве, вырабы з серабра, дываны). Транспарт аўтамабільны і ўючны. Турызм.

Стараж. насельніцтва С. — племя лепча. З 13 ст. тут з’явіліся выхадцы з Тыбета — бхотыя. З 16 ст. на тэр. С. пашырыўся будызм у форме ламаізму. У пач. 17 ст. склалася самаст. княства С. на чале з правіцелямі (чаг’яламі) тыбецкага паходжання, якое было ў васальнай залежнасці ад Тыбета. У пач. 19 ст. падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. З 1861 С. — брыт. пратэктарат (афіцыйна пацверджана англа-кіт. канвенцыяй 1890), а пасля заваявання Індыяй незалежнасці (1949) — інд. пратэктарат. Шматлікія паўстанні супраць дэспатычнай улады чаг’ялаў прымусілі Індыю ў 1974 увесці ў С. свае войскі. Была абрана Нац. асамблея С. У крас. 1975 на рэферэндуме большасць яго насельніцтва ўхваліла далучэнне С. да Індыі. З мая 1975 С. — 22-гі штат Індыі.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 14, с. 373

СІКІРЫ́ЦКІ ((Sikirycki) Ігар) (31.7.1920, г. Брэст — 2.1.1985),

польскі пісьменнік, перакладчык. Вучыўся ў Люблінскім і Лодзінскім ун-тах. Жыў і працаваў у Лодзі на радыё, у т-рах сатыры і «Арлекін» (1945—67). Друкаваўся з 1944. Аўтар паэт. зб-каў «Кліканне дрэў» (1950), «Забаўкі і эпіграмы» (1959), «Асцярожна, свежанапісанае» (1963), «Начны ўлоў» (1966), аповесці «Сямёра адсутных» (1970), кніг для дзяцей. На польскую мову пераклаў асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Жылкі, М.​Аўрамчыка. Укладальнік, аўтар прадмовы і перакладчык многіх твораў у зб. М.​Танка «Выбраныя вершы» (1974). З груз. пераклаў паэму «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, з арм.нар. эпас «Давід Сасунскі». На бел. мову яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, Н.​Гілевіч, М.​Танк.

А.​Л.​Верабей.

т. 14, с. 373

СІКО́З (грэч. sycosis пакрыванне болькамі) звычайны, гнойнае запаленне фалікулаў валасоў у вобласці вусоў, барады і броваў. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Прыкметы: дробныя вузельчыкі з гнойнай галоўкай, пранізаныя воласам; скура вакол іх ушчыльняецца, пакрываецца коркамі. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 373

СІКО́КУ,

востраў на Пд Японскага архіпелага, у Японіі. Пл. 17,8 тыс. км². Каля С. 300 дробных астравоў і скал (разам з імі пл. 18,8 тыс. км²). Абмываецца Ціхім ак., Унутраным Японскім м., шматлікімі пралівамі. Даўж. берагавой лініі каля 1800 км. Паўн.-зах. і паўд.-ўсх. берагі расчлянёны слаба, паўн.-ўсх. і паўд.-зах. моцна парэзаны бухтамі. Пераважаюць горы. На Пн ланцуг узгоркаў і нізкагор’яў, складзеных у асн. з гранітаў; на Пд і ў цэнтр. ч. горы выш. да 1981 м (г. Ісідзуты), пераважна са сланцаў. Радовішча меднай руды (Бесіяма). Клімат субтрапічны, мусонны, частыя тайфуны. Ападкаў да 3000 мм за год. Вечназялёныя шыракалістыя лясы. Вырошчваюць рыс, цукр. трыснёг, цытрусавыя; сады. Рыбалоўства. Буйн. гарады: Мацуяма, Такамацу, Такусіма, Коты.

т. 14, с. 373