СІКЕ́ЙРАС, Альфара Сікейрас (Alfaro Siqueiros) Хасэ Давід (29.12.1898, г. Чыўаўа, Мексіка — 6.1.1974), мексіканскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў мексіканскай школы манум. жывапісу. Ганаровы чл. АМ СССР (1967). Вучыўся ў АМ (1911), школе Санта-Аніта (1913) у Мехіка. Удзельнік мекс. рэвалюцыі 1910—17. З 1919 працаваў у Францыі і Іспаніі; у 1921 выдаў у Барселоне «Маніфест рэвалюцыйнага мастацтва». Заснавальнік (1922) і ген. сакратар (1923—25) «Рэвалюцыйнага сіндыката працаўнікоў тэхнікі і мастацтва». З 1924 адзін з кіраўнікоў Мексіканскай камуніст. партыі, з 1929 ген. сакратар Мексіканскай унітарнай прафсаюзнай канфедэрацыі. Неаднаразова быў арыштаваны. У 1932—34 і 1935—36 працаваў у ЗША. Дзейнасць С. ў Аргенціне (1933), Чылі (1941—42), на Кубе (1943) паўплывала на развіццё манум. мастацтва ў краінах Лац. Амерыкі. Яго работы вылучаюцца смелым стылем, насычанасцю фарбаў, дынамікай форм. Ствараў манум. кампазіцыі, у якіх канкрэтныя персанажы спалучаюцца з сімвалічнымі ўвасабленнямі сац.-гіст. сіл, выкарыстоўваў новыя метады перспектывы, спалучаў жывапіс са скульптурнымі формамі, ужываў новыя маст. матэрыялы (сінтэтычныя фарбы, керамічную мазаіку і інш.): размалёўкі Нац. падрыхтоўчай школы (1922—23), клуба прафсаюзаў электрыкаў (1939), Палаца прыгожых мастацтваў (1945, 1950—51), Нац. музея гісторыі (пачаў у 1959; усе ў Мехіка). У 1950—60-я г. ў трактоўцы гіст. падзей і вобразаў узмацніліся выразнасць і паліт. вастрыня. Аўтар мазаікі і рэльефаў на фасадзе рэктарата Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (1952—54), манум.-дэкар. збудавання «Паліфорум» (1971), якое спалучае архітэктуру, жывапіс і скульптуру станковых карцін, літаграфій, малюнкаў. Іл. гл. таксама ў арт. Мексіка.

Літ.:

Григулевич И.Р. Сикейрос. М., 1980;

Семенов О.С. Д.​А.​Сикейрос. М., 1980.

С.​У.​Пешын.

Д.Сікейрас. Размалёўка Нац. музея гісторыі ў Мехіка. 1964.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)