СІКІРЫ́ЦКІ ((Sikirycki) Ігар) (31.7.1920, г. Брэст — 2.1.1985),
польскі пісьменнік, перакладчык. Вучыўся ў Люблінскім і Лодзінскім ун-тах. Жыў і працаваў у Лодзі на радыё, у т-рах сатыры і «Арлекін» (1945—67). Друкаваўся з 1944. Аўтар паэт. зб-каў «Кліканне дрэў» (1950), «Забаўкі і эпіграмы» (1959), «Асцярожна, свежанапісанае» (1963), «Начны ўлоў» (1966), аповесці «Сямёра адсутных» (1970), кніг для дзяцей. На польскую мову пераклаў асобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, У.Жылкі, М.Аўрамчыка. Укладальнік, аўтар прадмовы і перакладчык многіх твораў у зб. М.Танка «Выбраныя вершы» (1974). З груз. пераклаў паэму «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, з арм. — нар. эпас «Давід Сасунскі». На бел. мову яго вершы перакладалі Р.Барадулін, Н.Гілевіч, М.Танк.
А.Л.Верабей.
т. 14, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)