СІКАТЫ́ВЫ (ад позналац. siccativus які высушвае),

рэчывы, што паскараюць высыханне лакафарбавых матэрыялаў, якія маюць алеі (пакосты, алейныя лакі, алейныя фарбы, алкідныя і інш. смолы) Паводле механізму дзеяння з’яўляюцца каталізатарамі акісляльнай полімерызацыі астаткаў ненасычаных тлустых кіслот алею. Уплываюць таксама на якасць лакафарбавых пакрыццяў: паляпшаюць іх мех. і ахоўныя ўласцівасці, павялічваюць гідрафобнасць і каразійную ўстойлівасць.

Найб. пашыраныя С. — солі монакарбонавых кіслот (мылы) пераходных (кобальт, марганец, цынк і інш.) і непераходных (свінец, кальцый) металаў, растваральныя ў алеях і арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць мылы пераважна 2-этылгексанавай, 2-этылгептанавай, нафтэнавых і сінт. тлустых кіслот, а таксама насычаных кіслот алеяў, талавага масла (солі талаты), каніфолі (рызінаты). У прам-сці С. вырабляюць у выглядзе раствораў у уайт-спірыце, ізапрапаноле і інш. лятучых арган. растваральніках, часам у выглядзе пастаў і парашкоў. У лакафарбавыя матэрыялы звычайна дадаюць сумесі С., якія маюць іоны розных металаў; пашыраны сістэмы кобальт — свінец, кобальт — цынк, свінец — марганец — кобальт і інш.; падбор камбінацый металаў вызначаецца іх сінергетычным дзеяннем.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)