Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАХАРО́ВІЧЫЧА ПАВЕ́РХНЯ,

граніца падзелу паміж зямной карой і мантыяй Зямлі. Вызначаецца па скачкападобным павелічэнні скорасці падоўжных сейсмічных хваль (ад 6,7—1,6 да 7,9—8,2 км/с), і папярочных (ад 3,6—4,2 да 4,4—4,7 км/с) пры землетрасеннях і штучных выбухах. Устаноўлена ў 1909 А.Махаровічычам.

т. 10, с. 224

МАХАРЫ́НСКІ (Яфім Ільіч) (н. 11.3.1929, г. Жытомір, Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1965), праф. (1993). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1954). З 1966 у Віцебскім тэхнал. ун-це (у 1969—77 заг. кафедры). Навук. працы па праблеме кіравання працэсам шліфавання і распрацоўцы тэарэт. асноў аптымальных алгарытмаў кіравання рабочым цыклам круглага і плоскага ўразнога шліфавання.

Тв.:

Планирование эксперимента в машиностроении. Мн., 1985 (разам з П.​І.​Яшчарыцыным);

Основы технологии машиностроения. Мн., 1997 (разам з В.​А.​Гарохавым).

т. 10, с. 224

Махатхір ібн Мухамед

т. 18, кн. 1, с. 427

МАХАЧКАЛА́,

горад, сталіца Дагестана, у Расійскай Федэрацыі. Размешчаны на зах. беразе Каспійскага м. на вузкай Прыморскай нізіне, каля падножжа г. Таркітау. Засн. ў 1844 як рас. ваен. ўмацаванне Пятроўскае. 394,5 тыс. ж (1996). Марскі порт. Чыг. станцыя. Аўтамагістраль. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць электразварачнага абсталявання, сепаратараў, шматкаўшовых экскаватараў, прыбораў, абсталявання для харч. прам-сці і інш.), хім., лёгкая (трыкатаж і інш.), харчовая, у т. л. рыбная, кансервавая, вінаробная. Вытв-сць буд. матэрыялаў (шкловалакно, сілікатная цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). У М. навуковы цэнтр Рас. АН. 5 ВНУ, у т. л. Дагестанскі ун-т, мед. акадэмія. 5 тэатраў. Музеі: рэсп. краязнаўчы і выяўл. мастацтваў. Бальнеагразевы і прыморскі кліматычны курорт. За 18 км на ПдЗ ад М. бальнеалагічны курорт Талгі.

Да арт. Махачкала. Панарама горада.

т. 10, с. 224

МАХДЗІ́ (араб. той, каго вядуць сапраўдным шляхам),

у ісламе — прадвеснік блізкага канца свету, які павінен адрадзіць першапачатковую «чысціню» ісламу; у шыітаў — 12-ы, «схаваны», імам. Ідэя М. часта выкарыстоўвалася правадырамі паўстанняў і рухаў у мусульм. свеце. М. абвяшчалі сябе Убайдалах (заснавальнік дынастыі Фатымідаў у 10 ст.), Мухамед ібн Тумарт (першы з Альмахадаў, 12 ст.), Мухамед Ахмед ва Усх. Судане (гл. Махдзі Суданскі).

т. 10, с. 224

МАХДЗІ́ Суданскі, Мухамед Ахмед ібн ас-Сеід Абдалах (12.8.1844, в-аў Лебаб, Судан — 22.6.1885), арабскі рэліг. дзеяч, правадыр нар. паўстання ва Усх. Судане ў 1880-я г. Атрымаў традыц. рэліг. адукацыю ў Амдурмане і Берберы. Чл. суфійскага рэліг. ордэна Саманія. Пасля разрыву з кіраўніком ордэна пасяліўся на в-ве Аба на Ніле. Набыў вядомасць як таленавіты прапаведнік, заклікаў вярнуцца да першапачатковай «чысціні» ісламу, выкрываў злоўжыванні англа-егіп. улад. У 1881 абвясціў сябе махдзі, узначаліў барацьбу народаў Усх. Судана супраць замежнага панавання. У студз. 1885 авалодаў сталіцай Судана — г. Хартум. Заснаваў новую сталіцу — г. Амдурман, дзе неўзабаве памёр. Грабніца М.С. — месца паломніцтва мусульм. вернікаў Судана, а яго нашчадкі адыгрываюць важную ролю ў рэліг. і паліт. жыцці краіны.

т. 10, с. 224

МАХДЗІ́СТАЎ ПАЎСТА́ННЕ ў Судане,

паўстанне 1881—99 супраць англа-егіпецкіх улад і мясц. знаці. На 1-м этапе М.п. ўзначаліў мусульм. прапаведнік Мухамед Ахмед (гл. Махдзі Суданскі). У студз. 1883 паўстанцы занялі г. Эль-Абейд, у ліп. 1883 разбілі атрад англ. ген. У.​Хікса. 26.1.1885 яны авалодалі адм. цэнтрам Судана г. Хартум, пры гэтым быў забіты англ. губернатар Ч.​Дж.​Гордан. Ў ходзе паўстання створана вял. мусульм. дзяржава са сталіцай у г. Амдурман. Пасля смерці Махдзі Суданскага (чэрв. 1885) дзяржаву ўзначаліў яго бліжэйшы паплечнік халіф Абдалах ібн аль-Саід Мухамед, пры якім яна ўключала б.ч. сучаснага Судана. У 1896 англ. войскі на чале з Г.Г.Кітчэнерам пачалі наступленне на дзяржаву махдзістаў, 2.9.1898 разбілі іх у бітве пры Амдурмане. Канчаткова паўстанне задушана пасля гібелі ў ліст. 1899 Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда.

т. 10, с. 224

МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),

руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.​Банерджы, даследавалі Дж.​Маршал, Э.​Макей, М.​Уілер і Дж.​Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 224

МАХЕ́Р (англ. mohair),

шэрсць ангорскай казы, а таксама тканіна з такой шэрсці.

т. 10, с. 224

МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,

суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст. Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.​Пуанкарэ, В.​Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.

Т.​І.​Адула.

т. 10, с. 224