Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРЭ́ДА,

гл. Карабельныя чэрві.

т. 16, с. 144

ТЭРЭ́ЗА (Teresa),

Маці Тэрэза [свецкае Баяджыў Агнес Гонджа (Bojaxhiu); 26.8.1910, Скоп’е, Македонія — 5.9.1997], албанская каталіцкая манахіня, заснавальніца і кіраўніца Ордэна міласэрнасці. З 1928 паслушніца ордэна «Ірл. сёстраў Ларэта», выкладала ў місіянерскай школе св. Марыі ў Калькуце (Індыя). У 1935 прыняла манаскі пострыг пад імем Т. У 1946 заснавала Ордэн міласэрнасці, члены якога павінны дапамагаць усім абяздоленым. Пад кіраўніцтвам Т. створана больш за 50 школ у Індыі і інш. краінах для дзяцей самых бедных пластоў насельніцтва, засн. прытулак для паміраючых жабракоў, лепразорый, першы цэнтр для хворых на СНІД і інш. дабрачынныя ўстановы. Нобелеўская прэмія міру 1979.

т. 16, с. 144

ТЭРЭЗІ́НА (Teresina),

горад на ПнУ Бразіліі. Адм. ц. штата Піауі. Засн. ў 1830. Больш за 600 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Парнаіба. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл. цэнтр. Прам-сць: харч., тэкстыльная. Ун-т. Філал. акадэмія. Гіст. музей штата Піауі.

т. 16, с. 144

ТЭРЭНКУ́Р (ням. Terrainkur ад франц. terrain мясцовасць + ням. Kur лячэнне),

метад лячэння дазіраванай па адлегласці, часе, з улікам ступені нахілу маршруту хадзьбой па спец. арганізаваных маршрутах; таксама назва самой дарожкі для такой хадзьбы.

Умацоўвае і аднаўляе зніжаную функцыю мышцаў, ліквідуе вянозны застой, паляпшае абмен рэчываў. Выкарыстоўваюць у пач. стадыях сардэчна-сасудзістых захворванняў (асабліва пры аслабленні скарачальнай функцыі сардэчнай мышцы), некат. хваробах органаў дыхання, пасля траўм ніжніх канечнасцей, з мэтай аздараўлення.

т. 16, с. 144

ТЭРЭ́НЦЫЙ Публій Афр (Publius Terentius Afer; каля 195, Карфаген — 159 да н.э.),

рымскі драматург. Быў рабом сенатара Тэрэнцыя Лукана, які даў яму адукацыю і волю. Уваходзіў у арыстакратычны элінафільскі гурток аратара і палкаводца Сцыпіёна Афрыканскага Малодшага. Пісаў у жанры паліяты — рым. камедыі на ўзор грэч. бытавой Менандра. Паміж 166 і 160 да н.э. паставіў 6 камедый (усе захаваліся): «Андрыянка», «Свякроў», «Сам сябе карае», «Еўнух», «Фарміён», «Браты». У цэнтры іх — праблемы выхавання, сям’і, кахання, якія вырашаюцца ў мяккай, гуманіст. манеры; ім уласцівы сур’ёзны тон, паслядоўнасць у развіцці дзеяння і фарміравання характараў, вытанчанасць мовы, наватарскае выкарыстанне пралогаў.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1988.

Літ.:

Савельева Л.И. Художественный метод П.​Теренция Афра. Казань, 1960;

Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 16, с. 144

ТЭРЭФТА́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, 1,4-бензолдыкарбонавая кіслата, n-фталевая кіслата,

адна з фталевых кіслот, C6H4(COOH)2.

т. 16, с. 144

ТЭР’Я́Н Ваан (сапр. Тэр-Грыгар’ян Ваан Сукіясавіч; 9.2.1885, в. Гандзані, Грузія — 7.1.1920),

армянскі паэт і грамадскі дзеяч. Скончыў Лазараўскі ін-т усх. моў у Маскве (1906), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1913—16). Друкаваўся з 1905. Першы зб. вершаў «Мроі сутоння» (1908). Аўтар цыклаў вершаў «Ноч і ўспаміны», «Залатая казка» (абодва 1912), «Краіна Наіры» (1915). Спачуваў абяздоленым, выказваў любоў да бацькаўшчыны. Лірыка Т. вызначаецца вытанчанасцю форм, багаццем рытмікі, музыкальнасцю. Удзельнічаў у заключэнні Брэсцкага міру 1918.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1980.

Літ.:

Асмарян Л. Ваан Терьян. Ереван, 1971;

Григорьян К.Н. В.​Терьян. 2 изд. Л., 1985.

т. 16, с. 144

ТЭР-ПЕТРАСЯ́Н Лявон Акопавіч (н. 9.1.1945, г. Халеб, Сірыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі, усходазнавец. Д-р філал. н. Скончыў Ерэванскі ун-т. З 1972 на навук. працы ў Ін-це л-ры АН Арменіі, з 1978 — у Матэнадаране. З 1988 кіраўнік к-та «Карабах», з 1989 чл. праўлення Арм. агульнанац. руху «Карабах». З 1990 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Арм. ССР, у 1991—98 прэзідэнт Арменіі. Працы па гісторыі Кілікійскай армянскай дзяржавы і арм.-сірыйскіх культ. сувязей.

т. 16, с. 142

ТЭСЕ́Й, Тэзей,

старажытнагрэчаскі герой, цар г. Афіны (паводле традыцыі, каля 13 ст. да н.э.), вобраз якога быў у значнай ступені міфалагізаваны. Ант. традыцыя прыпісвае Т. шэраг легендарных подзвігаў (удзел у вайне з амазонкамі і паходзе арганаўтаў, перамогу над разбойнікам Пракрустам, забойства пачвары-людаеда Мінатаўра і інш.) і гіст. дзеянняў: вызваленне Афін ад гегемоніі Крыта, аб’яднанне Атыкі, заснаванне Істмійскіх гульняў, першы сац. падзел афінян на еўпатрыдаў (знаць), геамораў і дэміургаў. Культ Т. сфарміраваўся ў Афінах у 5 ст. да н.э. У яго гонар наладжваліся штогадовыя (дзень, калі паводле міфа Т. выратаваў афінскую моладзь ад Мінатаўра) і штомесячныя святы.

т. 16, с. 144

ТЭСІ́Н (Tessin),

шведскія архітэктары, бацька і сын; вядучыя прадстаўнікі швед. класіцызму. Нікадэмус Т. Старэйшы (7.12.1615, г. Штральзунд, Германія — 24.5.1681). Па паходжанні фламандзец. З 1639 у Швецыі, з 1649 прыдворны архітэктар. Вучыўся ў арх. Ж. дэ ла Вале. Вандраваў па Францыі і Італіі. Пабудаваў замак Мельсакер у Сёдэрманландзе (каля 1660); палац Дротнінгхольм каля Стакгольма (з 1662), які капіраваў тып каралеўскага палаца ў Версалі; ратушу ў Гётэбаргу (1669); паводле яго праекта ўзведзены сабор у Кальмары (1660—80). Нікадэмус Т. Малодшы (23.5.1654, г. Нючэпінг, Швецыя — 10.4.1728), сын Нікадэмуса Т. Старэйшага. Вучыўся ў бацькі. У 1673—78 у Італіі, зазнаў уплыў Л.Берніні і Д.Фантаны. У творчасці спалучаў пышнасць барока з выкарыстаннем прыёмаў класіцызму 17 ст., у т. л. паладыянства. Будаваў палацы (каралеўскі ў Стакгольме, з 1697), загарадныя палацава-паркавыя комплексы (з 1681 дабудоўваў пачаты бацькам палац Дротнінгхольм). Сярод інш. работ: цэрквы ў Кунгсёрэ (1689) і Карлскруне (1697), гал. дом маёнтка Гюленшэрны ў Стэнінгу (1694—98). Аўтар праекта рэканструкцыі цэнтра Стакгольма (ажыццёўлены часткова).

Да арт. Тэсін. Нікадэмус Тэсін Малодшы. Галоўны дом маёнтка Гюленшэрны ў Стэнінгу.

т. 16, с. 144