ТЭРЭ́НЦЫЙ Публій Афр (Publius Terentius Afer; каля 195, Карфаген — 159 да н.э.),
рымскі драматург. Быў рабом сенатара Тэрэнцыя Лукана, які даў яму адукацыю і волю. Уваходзіў у арыстакратычны элінафільскі гурток аратара і палкаводца Сцыпіёна Афрыканскага Малодшага. Пісаў у жанры паліяты — рым. камедыі на ўзор грэч. бытавой Менандра. Паміж 166 і 160 да н.э. паставіў 6 камедый (усе захаваліся): «Андрыянка», «Свякроў», «Сам сябе карае», «Еўнух», «Фарміён», «Браты». У цэнтры іх — праблемы выхавання, сям’і, кахання, якія вырашаюцца ў мяккай, гуманіст. манеры; ім уласцівы сур’ёзны тон, паслядоўнасць у развіцці дзеяння і фарміравання характараў, вытанчанасць мовы, наватарскае выкарыстанне пралогаў.
Тв.:
Рус. пер. — Комедии. М., 1988.
Літ.:
Савельева Л.И. Художественный метод П.Теренция Афра. Казань, 1960;
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
С.Дз.Малюковіч.
т. 16, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)