Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЛАНГА́ЦЫЯ ДАГАВО́РА,

прадаўжэнне дзеяння дагавора звыш прадугледжанага пры яго заключэнні тэрміну дзеяння. Адбываецца 2 спосабамі: шляхам заключэння спец. пагаднення (пратакола) аб прадаўжэнні дагавора на пэўны тэрмін; шляхам уключэння ў тэкст дагавора ўмовы аб яго прадаўжэнні. Мае месца і аўтаматычная П.д., калі ні адзін з дагаворных бакоў не зробіць заявы пра адмаўленне ад дагавора за пэўны час да сканчэння тэрміну яго дзеяння.

т. 12, с. 550

ПРАЛЕ́СКА (Scilla),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Міжземнамор’і і Паўд. Афрыцы. Растуць ў лясах і на субальпійскіх лугах, большасць эфемероіды. На Беларусі ў культуры П. двухлістая (S. bifolia) і сібірская (S. sibirica). Часта П. называюць пералеску.

Шматгадовыя травяністыя цыбульныя расліны выш 10—30 см. Сцябло бязлістае. Лісце шырокалінейнае, прыкаранёвае. Кветкі ў рыхлай гронцы або адзіночныя, сінія, белыя, блакітныя, ружовыя, пурпуровыя. Плод — каробачка. Дэкар., ранневеснавыя расліны.

Пралеска: 1 — двухлістая; 2 — асенняя.

т. 12, с. 550

«ПРАЛЕ́СКА»,

навукова-метадычны ілюстраваны часопіс па дашкольным выхаванні. Выдаецца з 1991 у Мінску на бел. мове штомесячна. Разлічаны на работнікаў адукацыйных дашкольных устаноў, бацькоў. Прапагандуе навук. распрацоўкі сучасных пед. і метадычных тэхналогій, асвятляе практычную дзейнасць дашкольных устаноў, пытанні падрыхтоўкі кадраў для іх, сямейнага выхавання, у т. л. з вопыту замежных краін. Друкуе артыкулы вучоных, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, матэрыялы па фальклоры, з пед. спадчыны і інш.

т. 12, с. 550

«ПРАЛЕ́СКІ»,

ілюстраваны часопіс для дзяцей у Зах. Беларусі. Выдаваўся ў ліст. 1934 — жн. 1939 у Вільні на бел. мове штомесячна. Друкаваўся лацінкай і кірыліцай. Першы рэдактар З.Верас, выдавец С.Глякоўскі. Меў на мэце пашырыць асвету на роднай мове, садзейнічаць росту паліт. свядомасці маладога пакалення, маральна-этычнаму яго выхаванню. Асвятляў падзеі грамадска-паліт. жыцця ў Зах. Беларусі, пытанні айч. гісторыі. Друкаваў маст. творы Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Ядвігіна Ш., Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Гаруна, З.​Бядулі, М.​Чарота, зах.-бел. літаратараў М.​Машары, М.​Васілька, А.​Мілюця, Я.​Пачопкі, З.​Верас, І.​Ялаўца, пераклады з А.​Пушкіна, М.​Канапніцкай, бел. фальклор (казкі, паданні, загадкі, калыханкі, жарты). Выйшла 29 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 551

ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),

род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.

Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.

Пралеснік шматгадовы.

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТА́РСК,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Обаль. Цэнтр саўгаса. За 31 км на ПнЗ ад горада і 34 км ад чыг. ст. Гарадок, 68 км ад Віцебска. 376 ж., 57 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТА́РСКАЕ,

вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Клімавічы. Да 1917 наз. Царковішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пн ад г. Касцюковічы, 150 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Камунары. 365 ж., 130 двароў (2000). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 12, с. 551

«ПРАЛЕТА́РСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНАЯ СУПО́ЛКА»,

гл. «Пробліск».

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТА́РЫІ (лац. proletarii ад proles патомства, г. зн. немаёмны, які мае толькі патомства) антычныя, у Старажытным Рыме паводле рэформы цара Сервія Тулія — найніжэйшы немаёмны слой грамадзян, якія не ўваходзілі ў склад 5 класаў (ці разрадаў) рым. абшчыны; выстаўлялі ў нар. апалчэнне адну цэнтурыю і мелі адзін голас (з 193) у каміцыях (нар. сход). З 1 ст. П. — дэкласаваныя слаі грамадства, якія жылі за кошт падачак дзяржавы і багацеяў.

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТАРЫЯ́Т,

гл. ў арт. Рабочы клас.

т. 12, с. 551