Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУЦЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 29.2.1944, в. Працавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1969). З 1976 у Гродзенскім с.-г. ін-це (у 1994—99 заг. кафедры). Навук. працы па марфалогіі с.-г. жывёл, вет. медыцыне.

Тв.:

Параўнальная ацэнка шкілета і мускулатуры ў двух- і трохпародных помесных бычкоў // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1989. № 1;

Методические разработки по основам ветеринарии. Гродно, 1997.

т. 9, с. 377

ЛУЦЭ́ВІЧ (Уладзіслава Францаўна) (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1960),

бел. літ.-знавец і культ. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1959). Жонка Я.Купалы. Скончыла Віленскую гімназію (1906), пед. курсы ў Варшаве (1908). Працавала выхавацельніцай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках (у 1909 і 1911 прыцягвалася да суда). У 1914 арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала бел. л-ру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 выйшла замуж за Я.Купалу. З 1919 у Мінску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацельніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944—60 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Складальнік зб-каў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы «Янка Купала» (1952, з В.Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н.Г.Кудраўцавай). Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я.Купалу, успамінаў пра З.Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А.Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала нар. казкі.

Тв.:

Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;

Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Там жа. 1946. № 11—12;

3 успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;

Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.

Літ.:

Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;

Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Там жа. 1982. № 7;

Тарасава Т. Песня вернасці // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.

т. 9, с. 377

Луцэвіч Анатоль Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 422

ЛУЦЭ́НКА (Барыс Іванавіч) (н. 16.9.1937, г. Майкоп, Адыгея),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1967—73 і 1981—82 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.Купалы, у 1973—81 і з 1991 гал. рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, у 1982—91 — Т-ра-студыі кінаакцёра. Адначасова з 1970 выкладае ў Бел. АМ. Творчую манеру вызначаюць імкненне да сцэн. метафарычнасці, псіхал. дакладнасць у абмалёўцы персанажаў, пошукі вобразнай выразнасці праз пластыку. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.Купалы — «Традыцыйны збор» В.Розава (1967), «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага (1968), «Памяць сэрца» А.Карнейчука (1970), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1972); у рус. т-ры — «Макбет» (1974), «Гамлет» (1998) У.Шэкспіра, «Трохграшовая опера» Б.Брэхта (1976), «Алошнія» М.Горкага (1977, з У.Маланкіным), «Трагедыя чалавека» І.Мадача (1979); у т-ры-студыі кінаакцёра — «Глядзіце, хто прыйшоў» У.Аро, «Шчасце маё, або Папяровы тэлефон» А.Чарвінскага (абедзве 1983), «Саракавыя» паводле твораў В.Астаф’ева, Р.Барадуліна, В.Быкава, М.Кульчыцкага, А.Куляшова, А.Твардоўскага, І.Чыгрынава, М.Шолахава (1984), «Гамлет» (1988). Паставіў «Рэвізор» М.Гогаля ў «Максім Горкі Тэатэр» (1980, Берлін). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў кінастужку «Раскіданае гняздо» (1982), тэлеспектаклі «Зацюканы апостал» (1984), «Вяртанне ў Хатынь» (1985).

Б.І.Луцэнка.

т. 9, с. 377

«ЛУЧ»,

газета Мінскай арг-цыі РСДРП і фракцыі сацыял-дэмакратаў-меншавікоў франтавога к-та Зах. фронту. Выдавалася з 4(17) кастр. да ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Рэдактары: С.Басіст, А.Хаст, А.Штэрн. Змяшчала матэрыялы па надзённых пытаннях тагачаснага жыцця, асаблівую ўвагу аддавала рабочаму, сялянскаму і франтавому жыццю, з 2-й пал. кастр. асвятляла ход падрыхтоўкі выбараў ва Устаноўчы сход. Стаяла на платформе класавай барацьбы, але адмоўна ставілася да заклікаў бальшавікоў пра неабходнасць сац. рэвалюцыі і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, выказвалася супраць перадачы ўсёй улады Саветам. Кастр. рэвалюцыю 1917 кваліфікавала як бальшавіцкі пераварот. Друкавала матэрыялы К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, звесткі пра барацьбу за ўладу ў Мінску і інш. гарадах Беларусі.

М.Я.Сяменчык.

т. 9, с. 377

ЛУЧА́Й, Лучайскае возера,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км2, даўж. 3,9 км, найб. шыр. 1,45 км, найб. глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км2. Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, 3 і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км2. Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).

т. 9, с. 377

ЛУЧА́Й,

вёска ў Навасёлкаўскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. За 18 км ад горада і чыг. ст. Паставы, 268 км ад Віцебска. 253 ж., 92 двары (1999).

Вядома з 1542 як уладанне Забярэзінскіх. З канца 16 ст. мястэчка. Маёнтак Л. належаў Юндзілам, Глябовічам, Шэметам і інш. З 1617 уладанне Рудамінаў, з 1731 — Агінскіх. У 1766—76 у Л. пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Вілейскім пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1905 у сяле і маёнтку Л. 81 ж., нар. вучылішча, валасное праўленне, крама. З 1921 Л. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны ў Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета ў Пастаўскім, Дунілавіцкім р-нах. З 1960 вёска Л. у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах.

Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Лучайскі касцёл езуітаў (1776).

І.П.Зямчонак.

т. 9, с. 377

ЛУЧА́ЙКА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Мядзелка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 258 км2. Выцякае з воз. Лучай за 1,5 км на ПнЗ ад в. Гаўрылавічы, цячэ на паўд.-зах. ч. Полацкай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная. Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная. Рэчышча звілістае, на працягу 16 км каналізаванае.

т. 9, с. 378

ЛУЧА́ЙКА,

рака ў Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Мнюта (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 121 км2. Выцякае з воз. Сельцы за 1 км на Пн ад в. Гаравыя Глыбоцкага р-на. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 2,5 км і ўверх ад вусця на працягу 5,7 км.

т. 9, с. 378

ЛУЧА́ЙСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму ў в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1766—76 па фундацыі Т.Агінскага. Часткова перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. (зменена ордэрная пластыка і размаляваны інтэр’ер) Мураваная 2-нефавая 2-вежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Гал. фасад фланкіруюць 3-ярусныя вежы, раскрапаваныя вуглавымі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваны). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Гал. фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордэра. Інтэр’ер насычаны арх. пластыкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Арнаментальным дэкорам запоўнены ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.

С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмаленка.

Лучайскі касцёл езуітаў.
Інтэр’ер Лучайскага касцёла езуітаў. Фрагмент.

т. 9, с. 378