ЛУЧА́Й,

вёска ў Навасёлкаўскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. За 18 км ад горада і чыг. ст. Паставы, 268 км ад Віцебска. 253 ж., 92 двары (1999).

Вядома з 1542 як уладанне Забярэзінскіх. З канца 16 ст. мястэчка. Маёнтак Л. належаў Юндзілам, Глябовічам, Шэметам і інш. З 1617 уладанне Рудамінаў, з 1731 — Агінскіх. У 1766—76 у Л. пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Вілейскім пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1905 у сяле і маёнтку Л. 81 ж., нар. вучылішча, валасное праўленне, крама. З 1921 Л. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны ў Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета ў Пастаўскім, Дунілавіцкім р-нах. З 1960 вёска Л. у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах.

Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Лучайскі касцёл езуітаў (1776).

І.П.Зямчонак.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)