Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗІЦЯ́ЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,

від вуснай нар. паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш стараж. від нар. вусна-паэт. творчасці, якая ўвабрала шматвяковы пед. і паэт. вопыт народа. Творы Дз. ф. падзяляюць на 3 групы: паэзія пеставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некат. загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл). Дз. ф. ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай.

Пазнавальна-выхаваўчы характар Дз. ф. вызначае маст. форму, рытміку. вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў, Для яго характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэт. мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў Дз.ф. таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам).

У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафес. мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. На Беларусі Дз. ф. збіралі і вывучалі Я.Чачот, А.Рыпінскі, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі, А.А.Грыневіч, Р.Р.Шырма, Г.І.Цітовіч і інш.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972;

Гульні, забавы, ігрышчы. Мн., 1996.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 172—178;

Барташэвіч Г.А Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Аникин В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор. М., 1957;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981.

Г.А.Барташэвіч.

т. 6, с. 122

ДЗІЦЯ́ЧЫ ФОНД АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ,

(United Nations Children’s Fund; ЮНІСЕФ). Засн. Ген. Асамблеяй ААН 11.12.1946 як Надзвычайны міжнар. фонд дапамогі дзецям у Еўропе пасля 2-й сусв. вайны. З кастр. 1953 — Дз. ф. ААН. Кіруючы орган — Выканаўчы савет (36 чл., 1997). Сакратарыят ЮНІСЕФ вядзе работу праз свае бюро больш чым у 140 краінах. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Нобелеўская прэмія міру 1965.

Праекты ЮНІСЕФ у Беларусі ажыццяўляюцца з 1994, прадстаўніцтва адкрыта ў маі 1997 у Мінску. Распрацаваны праграмы супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі Беларусі па асн. кірунках: абарона правоў дзіцяці і рэалізацыя Канвенцыі аб правах дзіцяці; развіццё падлеткаў і моладзі; аказанне дапамогі дзецям-інвалідам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў; здароўе дзяцей і жанчын; ліквідацыя адмоўнага ўздзеяння на дзяцей наступстваў, выкліканых катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.

В.У.Радзівіноўскі.

т. 6, с. 122

ДЗІ́ЧКА.

1) у садоўніцтве — маладое дрэўца, якое вырошчваюць з насення на прышчэпу ці самасейнае. Дз. наз. таксама плод дзікай грушы ці яблыні.

2) У лесаводстве — 2—3-гадовае дрэўца, якое вырасла ў лесе з насення і выкарыстоўваецца як пасадачны матэрыял.

т. 6, с. 123

ДЗІЧЫ́НА,

птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.

т. 6, с. 123

ДЗІЧЫНАРАЗВЯДЗЕ́ННЕ,

штучнае развядзенне паляўнічай птушкі і часткова млекакормячых (пераважна зайцоў) для павелічэння іх колькасці ў паляўнічых угоддзях. Заключаецца ў гадоўлі племянных птушак у гадавальніках, інкубаванні іх яек і вырошчванні птушанят да пэўнага ўзросту, пасля чаго іх выпускаюць ва ўгоддзі. Дз. развіта ў многіх краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, дзе стала асн. спосабам узнаўлення дзічыны. Дазваляе падтрымліваць на аптымальным узроўні колькасць жывёл і ствараць устойлівыя папуляцыі каштоўных відаў, вырашаць асобныя праблемы аховы жывёл. На Беларусі гал. аб’екты Дз. — качка, фазан, глушэц. Пытанні Дз. распрацоўваюць у запаведніках, нац. парках і асобных паляўнічых гаспадарках.

т. 6, с. 123

ДЗІЯМІ́ДА АСТРАВЫ́,

два астравы і скалы ў Берынгавым праліве. Зах. в-аў Ратманава (пл. каля 10 км2) належыць Расіі, усх. в-аў Крузенштэрна і скала Фэруэй — ЗША. Адкрыты ў 1728 экспедыцыяй В.Берынга.

т. 6, с. 123

ДЗІЯНІ́СІЙ

[каля 1440 — пасля 1502—03(7)],

рускі жывапісец. Працаваў пераважна ў Маскве і сярэднярус. манастырах. Большасць твораў Дз. не захавалася і вядома па пісьмовых крыніцах. Абразам Дз., з іх вытанчаным малюнкам і каларытам, з вельмі выцягнутымі, грацыёзнымі фігурамі, уласцівы ўзнёсласць і ўрачыстасць: «Божая Маці Адзігітрыя» (1482), «Спас у сілах» і «Распяцце» (абодва 1500); абразы для Ферапонтава манастыра і размалёўкі яго сабора выкананы разам з сынамі Уладзімірам і Феадосіем (1500—02 ці 1502—03). Дз. прыпісваюць таксама абразы «Мітрапаліт Пётр у жыцці», «Мітрапаліт Аляксій у жыцці» і інш.

Літ.:

Данилова И.Е. Фрески Ферапонтова монастыря. М.. 1970.

Дзіянісій. Распяцце. Абраз. 1500.

т. 6, с. 123

ДЗМІ́ТРАВІЧЫ,

вёска ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Брусята, на аўтадарозе Беразіно — г.п. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Беразіно, 125 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Бобр. 497 ж., 182 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

т. 6, с. 123

ДЗМІ́ТРАВІЧЫ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Камянец — в. Камянюкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад Камянца, 49 км ад Брэста, 37 км ад чыг. ст. Жабінка. 647 ж., 193 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1786).

т. 6, с. 123

Дзмітрачкоў Пётр Фролавіч

т. 18, кн. 1, с. 379