Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖАРО́МСКІ ((Żeromski) Стэфан) (14.10.1864, Страўчын, Келецкае ваяв., Польшча — 20.11.1925),

польскі пісьменнік. Працаваў хатнім настаўнікам, у 1892—1904 бібліятэкарам у Польскім музеі ў Раперсвілі і ў б-цы Замойскіх у Варшаве. У 1909—12 у эміграцыі ў Парыжы. Ужо для першых яго твораў характэрна сац. скіраванасць, зварот да тэмы нац.-вызв. руху (зб-кі «Апавяданні», «Раздзяўбуць нас крумкачы», абодва 1895). У цэнтры аўтабіягр. рамана «Сізіфава праца» (1897) пратэст супраць прымусовай русіфікацыі польскай школы. Раман «Бяздомныя» (т. 1—2, 1900) прысвечаны тэме духоўных пошукаў польскай інтэлігенцыі. Ідэя барацьбы за незалежнасць і трагічныя лёсы адданых ёй барацьбітоў аб’ядноўвае раманы «Попел» (т. 1—4, 1904, экранізаваны 1965), «Прыгажосць жыцця» (1912), «Верная рака» (1912, пра паўстанне 1863) і трылогію «Барацьба з сатаной» (1916—19). Аўтар драм «Ружа» (1909) і «Сулкоўскі» (1910), раманаў «Гісторыя граху» (т. 1—2, 1908, экранізаваны 1933 і 1975), «Прадвесне» (1925). На бел. мову творы Ж. перакладаў М.Ф.Дубянецкі (зб. «Верная рака», 1985).

Тв.:

Dziela T. 1—25. Warszawa. 1956—63;

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—4. М., 1957—58.

М.М.Хмяльніцкі.

С.Жаромскі.

т. 6, с. 426

ЖА́РСКІ (Іван Міхайлавіч) (н. 7.7.1944, в. Вярбіцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. хімік-неарганік. Канд. хім. н. (1975), праф. (1990). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1971 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1987 рэктар). Навук. працы па электрахіміі, газавай электронаграфіі, мікрахвалевай спектраскапіі. Распрацаваў і ўкараніў тэхналогію ачышчэння прамысл. сцёкавых вод гальванічных вытв-сцей. Аўтар першага на бел. мове падручніка для вышэйшай школы «Асновы агульнай хіміі» (1995, з Г.І.Новікавым).

Тв.:

Физические методы исследования в неорганической химии М., 1988 (разам з Г.І.Новікавым).

т. 6, с. 426

ЖАРСТВА́,

рыхлы матэрыял, складзены з вуглаватых абломкаў горных парод і мінералаў памерам 1—10 мм, утвораных пры выветрыванні пераважна магматычных парод. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.

т. 6, с. 426

ЖАРТ,

1) кароткае апавяданне пра смешнае здарэнне, займальны выпадак; жанр фальклору. У параўнанні з анекдотам. які высмейвае і сац.-палітычныя з’явы, у Ж. звычайна пацяшаюцца з асобных рыс і якасцей людзей, бытавых здарэнняў. Вызначаецца аднаэпізадычнасцю, нечаканай іранічнай развязкай.

Часта мае форму дыялогу.

2) Кароткая (аднаактовая) камічная п’еса, звычайна бытавога характару («Прымакі» Я.Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і інш.).

Публ.: Народныя ўсмешкі. Мн., 1961; Беларускія народныя жарты. Мн., 1970; Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.

А.С.Фядосік.

т. 6, с. 426

ЖАРТА́Й,

возера ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Прыпяць, за 26 км на ПдЗ ад г. Хойнікі. Пл. 0,24 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 250 м. даўж. берагавой лініі каля 4 км. Старычнае. Берагі месцамі выш. да 1 м, пясчаныя, пад хмызняком. Злучаецца з Прыпяццю ў час веснавога разводдзя.

т. 6, с. 426

ЖАРТА́ЙКА,

рака ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 86 км². Пачынаецца за 3 км на У ад в. Жартайка. Цячэ пераважна праз лес, у нізоўі — праз Бярэзінскі біясферны запаведнік.

т. 6, с. 426

ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,

разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.

Публ.: Жартоўныя песні. Мн., 1974.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;

Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;

Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.

І.К.Цішчанка.

т. 6, с. 426

ЖАРУ́ШНІК (Rorippa),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў: найб. вядомыя Ж. балотны (R. palustris), земнаводны, або вадзяны хрэн (R. amphibia), і лясны (R. sylvestris); зрэдку трапляюцца Ж. аўстрыйскі (R. austriaca), караткаплодны (R. brachycarpa) і распасцёрты (R. anceps). Растуць на вільготных лугах, балотах, па берагах рэк, азёр, канаў, у вадзе, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, у густых гронках. Плод — стручок або стручочак. Лек., меданосныя, харч. і кармавыя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.

т. 6, с. 426

ЖА́РЫ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета. За 40 км на ПнУ ад г. Вілейка, 143 км ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Крывічы. 946 ж., 380 двароў (1997). Пачатковая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 426

ЖА́РЫ,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пд ад г.п. Ушачы, 164 км ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Лепель. 293 ж., 109 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму і сав. воінаў.

т. 6, с. 426