род раслін сям. бабовых. Вядома 12 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе. На Беларусі як натуралізаваны трапляецца Ж. мяцёлчаты (S. scoparius). Расце пераважна ў зах. і цэнтр.ч. рэспублікі ў сухіх хвойніках, у хваёва-дубовых лясах, радзей у ельніках, уздоўж дарог на ўзлесках. Здаўна вырошчваюць на ўзлесках і палянах для падкормкі дзікіх жывёл. Выкарыстоўваецца ў зялёным будаўніцтве.
Куст выш. 30—100 см, з разгалістымі, ярка-зялёнымі, пруткападобнымі, амаль бязлістымі галінкамі. Лісце трайчастае, чаранковае, у верхняй ч. сцябла рэдукаванае. Кветкі буйныя, залаціста-жоўтыя, на доўгіх кветаножках, па адной у пазухах лісця, У сукупнасці ўтвараюць гронкападобныя суквецці. Меданос. Плод — падоўжана-лінейны струк. Размнажаецца насеннем і дзяленнем куста. Засухаўстойлівы. У суровыя зімы абмярзае.